Асцярожна: на вуліцы п’яны дэсант!
Ужо за пару дзён да 2 жніўня ў Берасці адчуваецца, што да прафесійнага свята ваякаў з паветрана-дэсантных войскаў засталося зусім крышку. Яны збіраюцца дэманстраваць гараджанам сваю баявую зухаватасць, таму напярэдадні ўзмоцнена рэпетуюць. У маю кватэру, размешчаную далёка ад месца падзей, з павевам ветру прылятаюць выразныя гукі выбухаў аўтаматных ці нейкіх там чэргаў. Гукі мне не падабаюцца, бо занадта нагадваюць пра вайну на Украіне, якая лёгка аднойчы можа ператварыцца ў сусветную. А таксама выклікаюць з падсвядомасці шматлікія сны пра вайну, у якія я, або мае блізкія нярэдка гінуць. Дрэнныя, карацей, асацыяцыі, і любові да ваякаў, якія іх выклікаюць, у мяне не прыбаўляецца.
Не было ніколі любові і да самога Дня паветрана-дэсантных войскаў. Хай і не такая ў нас карціна, як у Расіі, хай і не купаюцца нашыя вайскоўцы голымі ў фантане, але па змоўчванні гэты дзень – добрая нагода, каб напіцца не толькі вайскоўцам, але і ўсім, хто п’е з нагоды і без нагоды. А ў Берасці сёлета нават супадаюць дзве вялікія нагоды выпіць – святкаванне Дня горада і дзень ПДВ. Страшна падумаць.
Мне было крыху больш за 20, калі цудоўным вечарам 2 жніўня я вярталася пасля кіно дадому. Мяне перастрэў п’яны дзябёлы вар’ят, які спачатку хацеў проста пазнаёміцца, а пасля няўдалай спробы на пустым месцы азвярэў. Уяўляў мяне сваёй дзяўчынай, папракаў мяне ў рэўнасці да кагосьці і не адпускаў дадому. Калі я паклікала на дапамогу мінака, вар’ят спраўна так, па-вайсковаму, хуткім ударам выцяў мяне ў скронь. Гэтага ніхто не бачыў, але ў вачах у мяне пацямнела. Пасля выцяў яшчэ раз. Я проста сядзела і плакала, і ўжо не спадзявалася на шчаслівы зыход сітуацыі, нават калі да нас падышлі з ім павітацца патрульныя міліцыянеры. Але адзін з іх усё такі спытаў, ці ўсё ў парадку, і я моўчкі адмоўна пахітала галавой. Вар’ят занерваваўся, пачаў абражаць стражаў парадку, і тыя неўзабаве яго скруцілі. А я штосілы пабегла прэч. Нейкія хлопцы мяне дагналі, супакоілі, правялі да дома і расказалі пра вар’ята. Мясцовы, аказваецца хуліган, звычайна адэкватны, але як вып’е, губляе ўсякі розум. На той момант да войска ён адносінаў не меў, але цалкам зручная, ідэалагічна прыкрытая грамадствам нагода выпіць яму надарылася. Ён выдатна ўпісаўся ў імідж свята.
Я ж пасля таго яшчэ год азіралася па баках, перш чым выйсці з пад’езда. І яшчэ даўжэй шарахалася ў натоўпе, калі на мяне выпадкова глядзеў мінак мужчынскага полу. Дзякуй боку, прайшло. А ў многіх не праходзіць.
Вось і зараз, проста ў гэты момант, чую страляніну… Чаму вайскоўцы, калі ім так карціць нагадаць пра сябе цывільным, не могуць закласці традыцыю садзіць лес у гэты дзень, прыбіраць бераг ракі або паказваць захапляльнае відовішча дзецям? Як бы яны не трэніраваліся да паказушнага бою, а ў свядомасці людзей іх прафесійнае свята ўсё роўна застанецца вялікай узаконенай п’янкай. А значыць – са страхам выйсці вечарам на вуліцу.