Гамяльчане знялі відэа-ролік на тэму “канвееру” ў радзільнях
На думку стваральнікаў, неабходна распачаць дыялог паміж медыкамі і парадзіхамі, каб з’явіўся індывідуальны падыход да кожнай жанчыны.
У відэа цяжарныя жанчыны і тыя, хто нядаўна нарадзіў, узгадваюць пазітыўныя і негатыўныя эмоцыі, якія іх суправаджалі на родах.
Сямейны псіхолаг і адзін са стваральнікаў відэа Марыян Голуб распавёў пра акалічнасці здымак:
– Ёсць праблемы пэўнага роду ў нашых радзільных дамах. Мы чуем ад цяжарных, што яны трапляюць у такі канвеер, дзе губляецца іх уласнае “Я”, патрэбы і жаданні. Для жанчын гэта можа быць адзіная падзея такая, можа быць, у іх больш не будзе дзяцей. І сустрэча з дзіцём – гэта першая сустрэча. А для дактараў – гэта адно дзіця з тысяч, народжаных у гэтым доме.
Ролік будзе скарыстаны для сацыяльнай акцыі, якая будзе насіць назву „Ліст у радзільню”. Прэзентацыя відэа запланаваная на сярэдзіну жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя