Вінцук Вячорка: Мы лічым немагчымым чапаць курапацкія магілы



Працоўная група конкурсу „Мемарыял Курапаты” працягвае працу. Па словах аднаго з сябраў групы Вінцука Вячоркі, праца ідзе ў новых умовах.

Вінцук Вячорка

Гэта, у лепшым выпадку няўдзел, а ў горшым – варожасць з боку прадстаўнікоў цяперашняй улады. Але адначасова, Курапатамі, як месцам пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, пачалі цікавіцца прадстаўнікі іншых краінаў, напрыклад, Польшчы. Не выключаецца, што там могуць быць пахаваныя асобы з „Катынскага спісу”. У той жа час цікавасць беларускага грамадства да курапацкай праблематыкі відавочна зменшылася:

 – Мы праводзячы конкурс, адначасова хочам пазнаёміць беларускае грамадства, маладзейшае пакаленне з сапраўднай гісторыяй Курапатаў. А ўдзельнікам конкурсу прапанаваць пэўныя рамкі:  тое, што мы плануем цяпер, павінна рабіцца рукамі народу, грамадства – не дзяржавы. Адначасова мы ўпэўненыя, што надыйдзе момант, калі дзяржава будзе іншай, і будуць дзяржаўныя магчымасці ўшанавання нацыянальнага нэкропалю.

„А пакуль такія змены не адбудуцца, мы лічым немагчымым чапаць курапацкія магілы і планаваць там нейкія, нават і з міжнародным удзелам, паўторныя раскопкі. Аднак пры гэтым мы вітаем інтарэс да гэтага з боку Польшчы, вітаем тое, што палякі спрабуюць перад афіцыйнымі беларускімі ўладамі ставіць праблему Курапатаў, як верагоднага месца пахавання польскіх жаўнераў, расстраляных у пачатку саракавых гадоў мінулага стагоддзя”, – падкрэсліў Вінцук Вячорка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя