Пры якіх умовах могуць вызваліць Статкевіча?
На думку юрыста Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйлы, палітвязень можа выйсці на волю пасля выбараў.
Гары Паганяйла. Фота belhelcom.org
Пытанне пра былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, асуджанага ў 2011 годзе на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, можа быць вырашана ў бліжэйшы час, заявіў Лукашэнка.
Пра гэта ён заявіў падчас інтэрв’ю прадстаўнікам трох недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
«Я не стану хітрыць, гэтае пытанне ў парадку дня, – сказаў Лукашэнка. – Вырашыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэтае пытанне ў такім рэчышчы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. У бліжэйшы час вы будзеце пра гэта ведаць. Калі другі варыянт, то часу шмат».
Гары Паганяйла: Афіцыйны лідар яшчэ раз даў зразумець, што пытанне палітвязняў цалкам залежыць толькі ад яго. Захоча – вызваліць, не захоча – людзей пакінуць за кратамі. Гэта яшчэ раз было афіцыйна прадэманстравана.
РР: Тым не менш, пытанне вызвалення Міколы Статкевіча – “у парадку дня”.
Гары Паганяйла: Дык гэта ж і так ні для каго ні сакрэт. Праблему палітзняволеных у Беларусі Захад не здымаў і не здымае, пачынаючы з 2010 году. Таму пытанне перыядычна падымаецца, думаю, што і зараз, падчас нейкіх кантактаў прадстаўнікоў беларускай улады з амерыканскімі кагрэсменамі ці еўрачыноўнікамі, пра гэта таксама ішла размова. Але апошняе слова – за Лукашэнкам. Ён паказаў, што ціск у гэтай сітуацыі непрымальны. Калі ён захоча вызваліць Статкевіча, тады гэта і здарыцца.
РР: Пры якіх умовах могуць вызваліць Міколу Статкевіча?
Гары Паганяйла: А ніякіх умоваў для гэтага не патрабуецца. І рабіць нейкія прагнозы з гэтай нагоды гэдак жа безперспектыўна, як гадалку слухаць. Ужо колькі разоў і колькі гадоў прагназавалі, што Статкевіч можа выйсці на волю, а ён да гэтага часу ў турме.
РР: Але ці можа ён выйсці на волю да выбараў?
Гары Паганяйла: Гэта быў бы моцны крок улады ў плане паляпшэння свайго іміджу, але мне найбольш верагодным бачыцца варыянт, што Міколу выпусцяць з турмы ўжо пасля выбараў. Тады ўлада пакажа, што гэта зроблена не пад нейкім ціскам. Прадэманструе сваю міласэрнасць. Статкевіч – гэта таксама фігура ў гульні ўлады, якая хоча разыграць сваю камбінацыю. Вось яе зараз і абдумваюць, як лепш выглядаць. Бо справа ж не ў тым, напісаў палітвязень прашэнне аб памілаванні альбо не напісаў. Многія палітвязні выходзілі з турмаў, нічога не напісаўшы. Таму спасылкі на закон тут не да месца – вызваліць чалавека можна і без памілавання. І словы “вырашыць гэта магу толькі я” – яшчэ адно таму пацвярджэнне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя