Партыя „Зялёныя” – у абарону кнігарні „Галіяфы”
Беларускія „Зялёныя” салідарныя з „Галіяфамі”. У адмысловай заяве партыя выказала занепакоенасць з-за праблемаў, якія ўзніклі ў працы беларускамоўнай кнігарні, якая дзейнічае пры выдавецтве „Галіяфы”. Намеснік кіранўніка Беларускай Партыі „Зялёныя” Дзмітры Кучук заяўляе, што структура будзе рабіць усё для таго, каб менская кнігарня аднавіла працу ў поўным аб’ёме:
– Мы лічым, што гэта даволі цікавы праект ва ўмовах Беларусі. Бо такой кнігарні, такога ўзроўню месцаў у Менску практычна няма. І раптам вырашылі прычапіцца да яе. Я ведаю, што там цягам месяца было каля 7 праверак. Гэта ўсё, відавочна, сведчыць пра тое, што нашыя ўлады не хочуць, каб вось такая беларускамоўная кнігарня неяк развівалася. Хоць праект гэты даволі паспяховы і патрэбны Беларусі, у тым ліку гораду Менску.
Як падкэсліў Дзмітры Кучук, выдавецтва „Галіяфы” адыгрывае важную ролю ў падтрымцы творчых ініцыятыў у краіне, а кнігарня зрабілася ўнікальнай пляцоўкай для культурных мерапрыемстваў і творчых сустрэчаў.
З 28-га ліпеня кнігарня „Галіяфы” зачыненая. Прычынай сталі патрабаванні новай рэдакцыі закону „Аб гандлі” – паводле яе, будынак, у якім месціцца кнігарня, павінен быць аформлены ў якасці гандлёвага аб’екта.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nv-online.info