Індывідуальныя прадпрымальнікі працуюць з рэшткамі тавараў
Індывідуальныя прадпрымальнікі на гэты момант працуюць на рынках з рэшткамі тавараў. Гэта тыя тавары, якія былі ўвезены ў Беларусь да першага ліпеня, калі быў уведзены абавязак мець суправаджальныя дакументы на ўсе ўвезеныя ў краіну з гэтай даты тавары, кажа лідар грамадскага аб’яднання „Перспектыва“ Анатоль Шумчанка:
– Мы не змаглі на сённяшні дзень знайсці ўзаемапрымальнага рашэння, якое б задаволіла абодва бакі, а значыць гэтыя бакі будуць знаходзіцца на мяжы канфліктаў. Мы працягнем шукаць рашэнне. У нас ёсць рэзалюцыя, у якой мы прапаноўваем свае прапановы, улада мае нашыя прапановы.
У верасні-кастрычніку мяркуецца правядзенне чарговага прадпрымальніцкага форуму. Анатоль Шумчанка падкрэслівае, што адносіны паміж ІП ды ўрадам – канфліктныя, а гэта толькі шкодзіць абодвум бакам:
– Асноўная маса прадпрымальнікаў на сённяшні дзень працуе па рэштках, мае намер так працаваць да сакавіка, але ўсё залежыць ад таго, на колькі ўлады будуць спрабаваць ці не, аказваць ціск на прадпрымальнікаў у частцы выканання ўсіх гэтых законаў.
Анатоль Шумчанка кажа, што калі раней прадпрымальнікі баяліся, што ўлады могуць „закрыць“ іх бізнес, то цяпер яны кажуць, што і самі гатовыя закрыцца пры такіх неспрыяльных умовах працы.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя