Сяргей Калякін: Пакуль маем адставанне ў зборы подпісаў (абноўлена)
30 тысяч подпісаў за вылучэнне кандыдатам на пасаду прэзідэнта лідара партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна сабралі па ўсёй рэспубліцы. Актывісты адзначаюць, што на другім тыдні падпісной кампаніі хуткасць збору подпісаў павялічылася амаль напалову. Таму ёсць надзея, што да канца тэрміну збору подпісаў будзе сабраная ўся неабходная іх колькасць, – кажа сам прэтэндэнт:
– У сярэднім збор подпісаў у дзень павінен быць 3,5 тысячы. Калі мы возьмем тое, што мы маем – крыху больш за 30 тысяч, то будзе 2650 подпісаў у сярэднім. То бок мы адстаем на 950 подпісаў. Праўда, гэта ўжо лепш. Бо ў першыя 4 дні ў нас было паўтары тысячы. Другая лічба, калі мы паказвалі, што ў нас 20 тысяч, тады было 2,5. Прырост ёсць. Але цяпер, каб нарасціць адставанне, трэба будзе збіраць больш 4 тысяч.
Сяргей Калякін таксама дадаў, што калі цягам бліжэйшых двух тыдняў 100 тысяч подпісаў сабраныя не будуць, то адпаведна няма сэнсу падаваць дакументы на рэгістрацыю. Затое з’явіцца новая база прыхільнікаў пераменаў у краіне, з якімі варта працягваць працу па-за выбарчым працэсам, – дадаў палітык.
* * *
Эканамічная сітуацыя ў Беларусі, павышэнне заробкаў, узроўню адукацыі і медыцыны. Такія асноўныя пытанні хвалявалі грамадзян, якія прынялі ўдзел у берасцейскіх пікетах з удзелам лідара партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна. Патэнцыйны кандыдат на пасаду прэзідэнта спецыяльна прыехаў у рэгіён, каб падтрымаць сваіх актывістаў і персанальна пазнаёміцца з прыхільнікамі пераменаў, якія за яго пакідаюць подпісы.
Палітык адзначыў, што людзі хочуць зменаў у краіне, але не гатовыя прыкладаць да таго намаганні:
– Я гавару пра тое, што людзі павінны мець шанец на перамены. Добра, вы не верыце ў тое, што выбары могуць быць, але калі выбара не будзе, то дакладна нічога не адбудзецца, і таму не шмат людзей цікавіцца праграмай, якую мы прапаноўваем, калі цікавяцца, то чыста на лозунгавым узроўні: за што выступаеце? Мы сцісла патлумачылі асноўныя эканамічныя і сацыяльныя тэзісы нашай праграмы.
Сяргей Калякін таксама наведаў прахадную завода “Газаапарат”, дзе пагутарыў з працоўнымі пра ўзровень іх заробкаў, скарачэнне колькасці працоўных месцаў і працягласці працоўнага тыдня.
Беларускае Радыё Рацыя