Вадзім Іосуб: Зніжэнне коштаў на нафту адаб’ецца на эканоміцы



Якім чынам зніжэнне сусветных коштаў на нафту адаб’ецца на беларускім фінансавым рынку? Пра гэта распавядае старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб

Кошт вераснёўскіх ф’ючэрсаў нафты маркі Brent на Лонданскай біржы ICE Futures апускаўся да $49,08 за барэль. Гэта рэкордна нізкі паказчык са студзеня 2015 года..

Паралельна падае і цана нафты маркі WTI на Нью-ёркскай таварнай біржы. Нафтавыя ф’ючэрсы гэтай маркі з пастаўкамі ў верасні апускаліся да ўзроўню $44,94 за барэль.

Нафта маркі Brent патаннела амаль на 80 цэнтаў, WTI — прыкладна на 70 цэнтаў.

Вадзім Іосуб: Зніжэнне сусветных коштаў на нафту ўжо адбіваецца на беларускім рублі. Змяншаецца кошт нафты – гэта сказваецца на курсе расейскага рубля. Можна заўважыць, што, калі нафта абнаўляе шматмесячныя мінімумы, курсы замежных валют у Расеі абнаўляюць шматмесячныя максімумы. Што аўтаматычна прыводзіць да таго, што расейскі рубель у Беларусі падае. Калі яшчэ ўлічыць, што падзенне коштаў на нафту прыводзіць да негатыўных наступствах для расейскай эканомікі (а Расея для Беларусі – асноўны крэдытор і рынак збыту), то ў выніку гэта можа сказацца і на нашай эканоміцы.

РР: Ці можна зрабіць нейкія прагнозы адносна коштаў на нафту ў бліжэйшай перспектыве?

Вадзім  Іосуб: Гэта складана зрабіць, але асноўныя фактары, якія ўплываюць на кошты на нафту – гэта чаканне таго, што хутка можа выйсці на нафтавы рынак Іран пасля спыненння санкцый, а таксама чаканне замаруджвання кітайскай і сусветнай эканомікі. У гэтым годзе Сусветны банк ужо два разы зніжаў прагнозы росту сусветнай эканомікі (і апошні раз рабіў зусім нядаўна), а нафта – гэта кроў эканомікі. Калі эканамічны рост замаруджваецца, суадносна чакаюць зніжэння попыту на нафту, і на гэта рэагуюць кошты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя