Войт Орлі Пятро Сэльвэсюк будзе кандыдаваць у Сенат



Войт гміны Орля, што на Бельшчыне, Пятро Сэльвэсюк будзе кандыдаваць у Сенат – вышэйшую палату польскага парламенту. Адпаведнае рашэнне прыняла 6 жніўня ўправа Падляшскага рэгіёну „Грамадзянскай Платформы”. Пятро Сэльвэсюк, беларус па нацыянальнасці, пагадзіўся прыняць удзел у выбарчай гонцы ў акрузе, у якой пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і канфесій, як кандыдат, які будзе прадстаўляць і спалучаць усіх жыхароў гэтай тэрыторыі.

– Перадусім гэты рэгіён, дакладней выбарчая акруга №61, вызначаецца тым, што тут жывуць людзю розных нацыянальнасцяў. І таму лічу, што патрэбны кандыдат, які рэпрэзентаваў бы ўсіх, які б усіх аб’ядноўваў, а не такі, які дзяліў бы жахароў гэтай акругі.

Пятро Сэльвэсюк не належыць да ніякай партыі. Стане ён кандыдатам у 61-й выбарчай акрузе – гэта Бельскі, Гайнаўскі, Сямятыцкі і Высокамазавецкі паветы.

Парламенцкія выбары адбудуцца ў Польшчы 25 кастрычніка.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота orla.pl