Парушальнік мяжы: Мне пашанцавала, што мяне не збілі
12 дзён у ізалятары, 600 даляраў штрафу і пяцігадовая забарона ўезду на Беларусь. Такія наступствы нелегальнага пералёту на параплане праз польска-беларускую мяжу.
Беластачанін Марцін, які напрыканцы ліпеня памылкова прызямліўся ў Беларусі, даў інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя.
РР: Чаму ты вырашыў паляцець у гэтым напрамку?
Марцін: Заўсёды ляцім з ветрам, каб заляцець, як мага далей. А ў гэты дзень вецер быў як раз ва ўсходнім накірунку – у накірунку Беларусі. Гэта такі спорт, у якім мы хочам заляцець, як мага далей. Бачыў, што мяжа, але хацеў даляцець, як мага далей.
РР: А як тэхнічна выглядае такі палёт? Маеш пры сабе нейкія тэхнічныя прыстасаванні, ці бачыш, што набліжаецца мяжа?
Марцін: Так, маем электроніку, якая паказвае зоны палёту, напрыклад, гарадоў на мяжы, але гэтыя мапы недакладныя. Тут якраз падвяла электроніка, бо калі прызямляўся, то быў упэўнены, што я на польскім баку – за два кіламетры перад мяжой. Мяжу бачна, але думаў, што яшчэ маю ў запасе адлегласць да мяжы.
РР: Знаходзячыся ў паветры ты не бачыў, што перасякаеш мяжу?
Марцін: Не бачыў, не бачыў. Зверху ўсе дарогі ў лесе, лініі перадач, мяжа выглядалі аднолькава.
РР: А на якой вышыні ты перасякаў мяжу?
Марцін: Над мяжой быў на вышыні каля 450 метраў. У гэтым месцы якраз паўтара кіламетра за мяжой развярнуўся і прызямліўся, бо далей быў чарговы луг. Я быў упэўнены, што гэта яшчэ тэрыторыя Польшчы, але ўжо не хацеў туды ляцець, бо быў упэўнены, што далячу.
РР: Што ты рабіў пасля прызямлення?
Марцін: Выглядала гэта наступным чынам: прызямліўся, патэлефанаваў сябрам, пахваліўся вынікам, бо гэта быў мой рэкорд – 72 кіламетры выйшла. Запытаў, як адсюль вярнуцца, сказаў, што я недалёка вёскі Заляшаны і пайду туды. Сябар мне напісаў, што праз гадзіну ў Шымках будзе аўтобус – гэта пяць кіламетраў. Спакаваўся, паеў, патэлефанаваў па знаёмых. Пакуль дайшоў да вёскі, то мінула паўтары гадзіны. Па дарозе запытаў у маладых людзей, дзе мы знаходзімся, яны адказалі, што ў Беларусі. Пайшоў у вёску, сустрэў мужчыну ва ўзросце каля 50-ці гадоў. Я сказаў, што ёсць праблема, што я паляк і не маю дакументаў, візы, што прыляцеў сюды на параплане і хацеў бы неяк вырашыць гэта пытанне. Ён пачухаўся, патэлефанаваў памежнікам, адначасова сябры шукалі кантакты нашай польскай памежнай службы, каб запытаць як гэта вырашыць праблему.
РР: Як цябе затрымалі?
Марцін: Прыехалі два памежнікі, запыталі пра наяўнасць візы, дакументаў, як тут апынуўся. Пэўны час заняло тлумачэнне таго, што я прыляцеў сюды на параплане. Яны не паверылі, што ён змяшчаецца ў заплечнік. На працягу некалькіх дзён з’явілася інфармацыя, што мяне бачылі, як я перасякаў мяжу. Мелі права страляць, але нічога не здарылася на шчасце.
РР: Дзе цябе трымалі?
Марцін: На пачатку мяне завезлі ў будынак памежнай групы на допыт, потым уначы мяне перавезлі ў Гародню ў ізалятар памежнікаў.
РР: Калі табе сказалі, што ты затрыманы і што табе пагражае?
Марцін: Ужо на самым пачатку сказалі, што я затрыманы, бо нелегальна перасёк мяжу паветраным шляхам, справа патрывае некалькі дзён.
РР: Якія былі ўмовы ў ізалятары?
Марцін: Умовы параўнаў бы да памяшкання ў сутарэннях. Некалькі ложкаў, вакенца недзе пад столлю. У камеры было некалькі таджыкаў на самым пачатку, адзін таксама лятаў на параплане некалі, але ён на наступны дзень выйшаў. Потым да канца на працягу дванаццаці дзён сядзеў з адным таджыкам. Гадзіну на дзень можна было паслухаць радыё. У першы дзень быў допыт – гэта быў чацвер, а прызямліўся я ў сераду. Ужо ў пятніцу атрымаў пастанову, што гэта будзе 100 даляраў штрафу і пяць гадоў забароны ўезду ў Беларусь, а таксама павінен выехаць у панядзелак. У панядзелак пастанову змянілі, бо там была адна памылка, павінен быў выйсці ў сераду-чацвер, але з таго што я пасля даведаўся, не было паўнамоцнай асобы, якая б магла падпісаць адпаведныя дакументы, таму зацягнулася да панядзелку.
РР: Ці была ў цябе магчымасць звязацца з сям’ёй ці сябрамі?
Марцін: Пасля палёту кантактаваў з сябрам, ён ведаў, што я там, паінфармаваў сям’ю. У панядзелак быў консул, пытаў што мне патрэбна, ці маю нейкія праблемы, напрыклад, з ахоўнікамі. На самым пачатку былі пытанні: „Дзе рухавік?”, „Як гэта працуе?”, „Навошта сюды ляцеў?”, нейкія падазрэнні ў шпіянажы, перапраўцы наркотыкаў. Усе людзі там былі вельмі прыемныя, зычлівыя, толькі смяяліся з таго, што я трэці ці чацвёрты паляк, які ў гэтым годзе спрабаваў перасекчы мяжу ў гэты бок, бо звычайна ў іншую. Было некалькі асобаў, якія мелі польскае паходжанне, мы нават размаўлялі па-польску.
РР: Ці пагражае табе нешта з боку польскіх памежнікаў?
Марцін: Штраф пазней быў зменены са 100 на 600 даляраў, бо 100 даляраў за парушэнне мяжы ў пешым парадку, а паветраным шляхам больш. Тут яшчэ буду даваць тлумачэнні, але гэта не будзе праблемай, там пагражае да 500 злотых. Ну і трэба ўлічваць, што ў Беларусі пры другім нелегальным перасячэнні мяжы, будзе пагражаць крымінальная справа, а не адміністрацыйная, і тады ўжо можа быць зняволенне. Гэта была цікавая прыгода. Там было шмат розных людзей – з Ірану, Таджыкістану, Кубы, з Афрыкі. Яны асабліва не сумавалі, многія сядзелі і чакалі вырашэння свайго лёсу па два месяцы і больш. У мяне скончылася ўсё окей.
26-гадовы беластачанін пераляцеў мяжу ў ваколіцах Семяноўскага возера. У Польшчу вярнуўся ў панядзелак.
Пасля гэтых здарэнняў польская памежная служба ўстанавіла пяцікіламетровую паветраную зону пры мяжы з Беларуссю, дзе забароненыя палёты на параплане.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя