Анатоль Ляўковіч: Не хачу пэцкацца ў выбарчай кампаніі



Экс-старшыня БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч распавядае, чаму ён адмовіўся хоць нейкім чынам удзельнічаць у гэтай прэзідэнцкай кампаніі.

623C533D-76FF-479F-A061-31F60254A7F2_cx0_cy5_cw0_mw1024_s_n_r1

Анатоль Ляўковіч: Я паслядоўна выступаю, каб у краіне быў рэальны палітычны працэс. Ён у нас, на жаль, адсутнічае. У тым сэнсе, што апаненты ўлады не знаходзяцца ў сістэмным палітычным працэсе і, такім чынам, не могуць удзельнічаць на рэальнай палітычнай ніве. А, калі няма палітычнай канкурэнцыі, то няма і рэальнага палітычнага працэсу. Які сэнс тады наогул прымаць удзел у нейкіх кампаніях? Таму я адразу сказаў: удзельнічаць у гэтым я не збіраюся.

РР: А што вы прапаноўваеце грамадству?

Анатоль Ляўковіч: Мы прапаноўваем сур’ёзныя рэчы – дыялог, каб кансалідаваць беларускую нацыю. Але пэцкаць тое святое, што патрэбна краіне, прымаючы удзел у выбарах, я не буду. Лепш буду паслядоўна прапаноўваць грамадству новую палітыку кансалідацыі. Яна асноўваецца на некалькіх прынцыпах – канструктывізм, кампраміс, кансенсус, канвергенцыя і кансалідацыя.

РР: Можа быць, вам нехта імпануе з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты?

Анатоль Ляўковіч: У нас у свой час быў саюз левых партый, туды ўваходзіла ў тым ліку наша партыя і партыя цяперашняга прэтэндэнта Сяргея Калякіна. Праўда, апошні да мяне за дапамогай не звяртаўся. А самому некуды лезці не хочацца.

РР: Некаторыя называюць гэтую прэзідэнцкую кампанію “сумнай”…

Анатоль Ляўковіч: Зато пяць гадоў таму вясёлая была. Зараз многія будуць сумна назіраць за сумнымі выбарамі. Да гэтага самі прыйшлі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org