Дырэктар абавязаў настаўнікаў збіраць подпісы за Лукашэнку



Сябру ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч Віталю Каліноўскаму стаў вядомы факт збору подпісаў  за Аляксандра Лукашэнку тэхработнікамі і настаўнікамі Лунінецкай гімназіі. Іх абавязаў гэта рабіць дырэктар Аляксандр Грушэўскі, хоць яны не маюць на гэта права, бо не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, кажа Віталь Каліноўскі:

– Тэхнічкі, настаўніцы і ўвесь штат Лунінецкай гімназіі незаконна збіраюць па ўсіх вёсках подпісы за Лукашэнку. Дырэктар гімназіі выклікаў да сябе настаўнікаў і тэхнічны персанал і сказаў, каб там, дзе яны жывуць, сабралі подпісы за Лукашэнку, кожны не менш чым 16 подпісаў.

Сам Аляксандр Грушэўскі – сябра ініцыятыўнай групы Лукашэнкі –  катэгарычна адмаўляе гэты факт:

– Я прымушаў?! Гэта не зусім так. Ніводнага подпісу пад прымусам ніхто не збіраў. Я сам займаюся гэтым працэсам, мае работнікі гэтым не займаюцца.

Паводле Віталя Каліноўскага, пры зборы подпісаў за Лукашэнку ў Лунінецкім раёне задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс не толькі ў гімназіі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vk.com