Іван Бядко: На Слонімшчыне імкліва скарачаюцца працоўныя месцы
На Слонімшчыне мэтанакіравана працягваецца знішчэнне працоўных месцаў, заяўляе каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Іван Бядко. Па яго словах, гэта відаць па дзеяннях слонімскіх уладаў, бо з ранейшых тысяч працоўных месцаў на заводах засталіся толькі сотні, дадае Іван Бядко.
– Вось у нас была такая сельгастэхніка. Закрылася. Прадпрыемства пухапер’явых вырабаў. Таксама ўжо ўсё закрылі. Напрыклад, была ў нас такая арганізацыя як маслазавод. Там адбыліся скарачэнні, затым завод аб’ядналі, і зноў людзей скарацілі. На камвольным, напрыклад, працавала да 3 тысяч чалавек, а цяпер недзе каля 800.
Да таго ж, па словах Івана Бядко, пасля правядзення кампаніі „Найперш працоўныя месцы, потым закон аб дармаедстве” пачаўся масавы ўціск на тых, хто паставіў свой подпіс пад зваротам. „Як вядома, шмат «дармаедаў», каб выжыць у гэтых умова, вымушаны зарабляць на жыццё за межамі Беларусі. А ўлады, замест вырашэння праблемы працоўных месц, запалохвае тых, хто ўздымае гэтае пытанне”, – адзначае Іван Бядко.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя