На Гарадзеншчыну прыехала на 420 чалавек болей, чым з’ехала
Украіна, Расея і Казахстан з’яўляюцца краінамі, з якімі адбываецца асноўны міграцыйны абмен Гарадзеншчыны. Як сцвярджае нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, за паўгода з гэтых трох краінаў на тэрыторыю Гарадзенскай вобласці прыехалі 984 чалавекі. Найбольшая колькасць мігрантаў Прынёмання – грамадзяне Украіны, што, па словах сакратара ганаровага консульства Украіны ў Гародні Вікторыі Рыжыкавай, стала даволі распаўсюджанай з’явай:
– Перадусім гэта моладзь, гэта хлопцы 18-27 год. І людзі прыязджаюць з сем’ямі. Гэта ўзрост каля 30 гадоў. Гэта, канешне, звязана з пэўнымі падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне. Працягваецца паток вымушаных перасяленцаў, таму што статус бежанца атрымаць складана, бо на тэрыторыі Украіны не абвешчана ваеннае становішча.
У параўнанні з адмоўнымі мінулагоднімі міграцыйнымі паказчыкамі, сёлета гэтая лічба на Гарадзеншчына выглядае станоўча – за першае паўгоддзе ў вобласць прыехала на 420 чалавек болей, чым з’ехала.
Беларускае Радыё Рацыя