Кантрабандныя цыгарэты з Беларусі



Украінскія памежнікі выявілі рэкордную партыю кантрабандных цыгарэт, якія завозіліся з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта афіцыйна паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.

На памежным кантрольна-прапускным пункце “Выступовічы”, што ў Жытомірскай вобласці, падчас планавай праверкі быў спынены аўтамабіль “Ман” з расейскімі нумарамі, якім кіраваў грамадзянін Беларусі.

Падчас агляду фуры памежнікі звярнулі ўвагу на пашкоджаную пломбу. Грузавік накіравалі ў зону паглыбленага дагляду.

Пад скрынямі з керамічнай пліткай быў знойдзены схрон з 10 000 пачак цыгарэт маркі NZ беларускай вытворчасці, на агульную суму каля 100 000 грыўняў.

Кантрабандныя цыгарэты, найхутчэй, планавалася пераправіць праз украінска-румынскую мяжу на тэрыторыю Еўразвязу, дзе іх кошт аўтаматычна ўзрастае ўпяцёра.

Украінскія спецыялісты па барацьбе з кантрабандай лічаць, што пераважная большасць пазаконнага тытуню трапляе ва Украіну праз шматлікія “вокны” на мяжы Гомельшчыны і Чарнігаўшчыны.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя