„Нёман” абышоў „Гомель”
15-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі прынёс некалькі перастановак у турнірнай табліцы.
ФК „Мінск” ва ўпартым змаганні адолеў берасцейскае „Дынама” – 2:1. Пераможны мяч на 80-й хвіліне забіў Леанід Ковель. „Мінск”, набраўшы 26 ачкоў, выйшаў на чыстае трэцяе месца.
Мікашэвіцкі „Граніт” буйна перамог наваполацкі „Нафтан” – 3:0. Дублем тут адзначыўся Юрый Габоўда, яшчэ адзін гол на рахунку ветэрана Ігара Трухава. „Віцебск” з „Белшынай” разышліся мірам – 1:1. На 77-й хвіліне Дзмітрый Хлебасолаў ударам са штрафнога адкрыў лік, а на 93-й Сяргей Ражок уратаваў бабруйскі клуб ад паразы.
Гарадзенскі „Нёман” прымаў на сваім полі „Гомель” і дамогся мінімальнай вікторыі 1:0. Адзіны мяч пасля сольнага праходу ўжо на 8-й хвіліне забіў Павел Савіцкі. У выніку перамогі гарадзенцы набралі 16 пунктаў і абышлі „Гомель” у турнірнай табліцы.
Беларускае Радыё Рацыя