Беларускія праваабаронцы заступаюцца за сваіх азербайджанскіх калегаў



Прадстаўнікі закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру „Вясна” Таццяна Равяка і Уладзімір Лабковіч перадалі ў амбасаду Азербайджана заяву з асуджэннем рэпрэсій рэжыму прэзідэнта Ільхама Аліева ў дачыненні да вядомых праваабаронцаў краіны.

Як распавяла Таццяна Равяка заяву прыняла супрацоўніца пасольства, якая сказала, што перадасць яе амбасадару. Прыняцце дакумента падтрымалі іншыя праваабарончыя арганізацыі і актывісты грамадзянскай супольнасці Беларусі.

“Прычынай для заявы цэнтра „Вясна” стала затрыманне ў Баку мясцовых праваабаронцаў Лейлы і Арыфа Юнусаў”, – кажа Тацяна Равяка.

junus_lejla

Лейла Юнус

– Праваабарончы рух – міжнародны. Праблемы, з якімі сутыкаюцца праваабаронцы, у адных краінах, характэрныя і для іншых краінаў. Мы зрабілі тое, што мы павінны былі зрабіць у гэтай сітуацыі. Лейлу я асабіста ведаю, таму для мяне гэта і асабістая эмоцыя, асабістае перажыванне за чалавека, якога я ведаю.

Дырэктар Інстытута міру і дэмакратыі Лейла Юнус і яе муж былі затрыманыя 30 ліпеня. У той жа дзень Лейле Юнус было выстаўлена абвінавачванне па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса (здрада Радзіме, махлярства, ухіленне ад уплаты падаткаў, незаконнае прадпрымальніцтва).

У дачыненні да яе скарыстаная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту тэрмінам на тры месяцы. Яе муж абвінавачваецца ў здрадзе Радзіме і махлярстве. Да яго выкарыстаная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

Раней да пяці з паловай гадоў турэмнага зняволення быў асуджаны праваабаронца Анар Мамедлі, кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі, якому „ўлады помсцяць за выкрыццё фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў 2013 года”.  “Выказваем перш за ўсё салідарнасць са зняволенымі азербайджанскімі калегамі”, – кажа Таццяна Равяка.

– На жаль у нас няма вялікіх рычагоў уплыву. Зразумела – гэта падтрымка, салідарнасць, але гэта яшчэ і праца на міжнародным узроўні з міжнароднымі арганізацыямі, якія могуць аказаць большы ціск на ўрад Азербайджану, каб лёсы гэтых людзей не заставаліся па-за ўвагай і каб улады адчувалі гэты ціск і міжнароднай супольнасці адносна тых справаў, адосна яны сцвярджаюць іх выключна крымінальнае паходжанне. „Асаблівае абурэнне гэтыя рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў выклікаюць у сувязі з тым, што з мая 2014 года Азербайджан пачаў старшынства ў Камітэце міністраў Савета Еўропы”, — падкрэсліваюць беларускія праваабаронцы. Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org