Турыстычныя спадзевы на “Лясную – Рудаўку”
Беларускія ўлады маюць намер паскорыць працы па ставарэнні на Аўгустоўскім канале пешага і роварнага пункта пропуску “Лясная – Рудаўка”, што знаходзіцца на беларуска-польскай мяжы. Такія захады павінны даць магчымасць павялічыць колькасць польскіх турыстаў, якія выкажуць жаданне наведаць маляўнічыя мясціны – Аўгустоўскі канал ды яго ваколіцы, лічыць намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі турыстычна-спартовы саюз” Сяргей Каляда:
– Людзі пачалі цікавіцца водным турызмам. Ім цікавы наш Нёман, Котра, Шчара, Чорная Ганча. Нашы польскія калегі прапанавалі зрабіць маршрут, які б ахапіў усю Чорную Ганчу.
Бягучым часам сезонны пункт пропуску “Лясная – Рудаўка” дзейнічае выключна як водны і абслугоўвае турыстаў, якія падарожнічаюць на байдарках. З мінулага года, пасля таго, як была завершана рэканструкцыя канала з польскага боку, паміж Гародняй ды Аўгуставам пачаў ажыццяўляцца бесперашкодны водны рух на маламерных яхтах.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота belarus.by