„Вікіпедыя па-беларуску” набліжаецца да лічбы 100 000 артыкулаў



Ужо амаль 9 год „Вікіпедыі па-беларуску” афіцыйным правапісам. Гэта свабодная інтэрнэт-энцыклапедыя, якая існуе са жніўня 2006 года і якую можа рэдагаваць кожны. Увогуле Вікіпедыя ствараецца ў супрацоўніцтве ахвотнікаў і каардынуецца некамерцыйнай амерыканскай арганізацыяй Фондам Вікімедыя. Па словах адміністратара беларускамоўнай Вікіпедыі Юрася Кондрата, беларуская версія Вікіпедыі афіцыйным правапісам набліжаецца ўжо да лічбы 100 000 артыкулаў.

– Лічба вельмі прыгожая. Паводле колькасці артыкулаў гэты праект дзесьці набліжаецца да мяжы 50-ці самых вялікіх раздзелаў. Хоць я б не абсалютаваў лічбу артыкулаў, таму што ёсць розныя сучасныя кампутарныя тэхналогіі, якія дазваляюць напампаваць дробнымі старонкамі раздзел. Больш істотна якая колькасць актыўных удзельнікаў у нас працуе і наколькі наш раздзел чытаюць.

Вікіпедыя — шматмоўная. Самым вялікім з моўных раздзелаў энцыклапедыі з’яўляецца англійскі, ён налічваў больш за 4,5 мільёны артыкулаў, але зараз актыўнасць там зніжаецца. Другая па велічыні Вікіпедыя — шведская. Усяго ў Вікіпедыі існуе каля 300 моўных раздзелаў, у розных моўных выданнях.

Беларускае Радыё Рацыя