Скідзельская птушкафабрыка плаціць заробкі мясам
На Гарадзеншчыне павялічваецца колькасць прадпрыемстваў, якія разлічваюцца з супрацоўнікамі вырабамі ўласнай вытворчасці.
Калі раней такія выпадкі фіксаваліся ў асноўным у сельскагаспадарчых прадпрыемствах, то за апошні час практыку разліку таварамі ўводзяць прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці рэгіёна, у прыватнасці Скідзельская птушкафабрыка, Ашмянскі сыраробны завод, “Лідахлебпрам” і шэраг іншых прадпрыемстваў.
Частку заробку працоўныя атрымліваюць мясам птушкі, мукой, сырам і вопраткай, што па словах намесніка старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча з’яўляецца паказчыкам стану эканомікі Гарадзенскай вобласці:
– Натуральна, што мы жывем у 21 стагоддзі, і не ўсім патрэбная тая прадукцыя, якую ён вырабляе ў калгасе альбо на прадпрыемстве. Натуральная гаспадарка не можа быць эфектыўнай у наш час. І не варта спадзявацца на росквіт пры прыняцці такіх рашэнняў.
Паводле беларускага заканадаўства, разлік з працоўнымі прадукцыяй уласнай вытворчасці можа ажыццяўляцца выключна з іх згоды. У дадатак, магчымасць такога разліку павінна быць зацверджана ў працоўнай дамове ці кантракце.
Беларускае Радыё Рацыя