Забарона на ўезд у Еўразвяз – меркаванне палітыкаў
Ці трэба забараняць уезд у Еўразвяз беларускім чыноўнікам, праўладным палітыкам і асобам, датычным да фальсіфікацый вынікаў выбараў? Гэта метад пакарання за парушэнне правоў чалавека ці таксама парушэнне правоў гэтых людзей?
На думку праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, трэба забараняць уезд тым асобам, якія схільныя да шпіянажу на карысць іншай краіны:
– Тыя чыноўнікі, якія працуюць на тое, каб Беларусь знікла з мапы гісторыі, менавіта супраць іх і трэба ўводзіць санкцыі. Гэта, канешне, чыноўнікі, якія займаюцца здачай Беларусі Расеі, у першую чаргу гэта аддзелы ідэалогі, Маскоўская Патрыярхія і яшчэ пэўныя структуры.
„Чым больш забараняюць – тым большае пачынаецца адчужэнне,“ – кажа ў сваю чаргу старшыня Берасцейскай гарадской суполкі партыі левых „Справядлівы свет“ Людміла Дзенісенка:
– Спачатку забаранілі прэзідэнту, але ён гэта заслужыў. Але калі забараняюць уезд дзеячам мастацтва, культры – гэта наносіць непапраўную шкоду адносінам паміж народамі. Я лічу, што мы павінны развіваць бізнес. Калі мы імкнёмся быць саюзнікамі і Еўразвяза, і Расеі, мы не мусім ставіць перашкоды ні бізнесу, ні культуры, ні дыпламатам, ні прадстаўнікам палітычных партый.
Звычайна ўезд у краіны Еўразвязу забараняюць тым асобам, якія парушаюць законы сваёй краіны, міжнародныя дамоўленасці ў галіне права, ці законы краіны, у якую яны ўязджаюць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org