Сверб
Не так даўно ў акваторыю Чорнага мора завітаў амерыканскі эсмінец „Дональд Кук”. Тут жа ў небе з’явіўся расейскі бамбардзіроўшчык, пранёсся на брыючым палёце над варожым караблём, і імгненна адключыў усю ягоную электроніку. „Дональд Кук” нібыта аглух і аслеп. Палахлівыя заакіянскія ваякі ў паніцы ледзь не павыскоквалі за борт. Многія тут жа напісалі рапарты аб звальненні.
У гонар гэтай падзеі быў выбіты медаль. Каму яго ўручалі, невядома.
Пасля гэтага інцыдэнту высокапастаўлены чын з Пентагона прызнаў, што расейскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы ў разы пераўзыходзяць амерыканскія. А ракеты! Якія магутныя ракеты мае Расея, што „паднялася з каленяў”! Вось славутая „Сатана” — маса ў 210 тон, мае 10 ядзерных боегаловак па 750 кілатон кожная. Адной такой ракеты дастаткова, каб знішчыць Нью – Ёрк! — трыумфуе каментатар. Але і „Сатана” — не апошні аргумент. На ўзбраенне ставіцца яшчэ больш дасканалая ракета – „Сармат”. Перахапіць яе немагчыма, бо яна ляціць, прыціскаючыся да зямной паверхні па ламанай траекторыі, і здольна „праламаць” любую сістэму супрацьракетнай абароны. Прадухіліць яе запуск таксама немагчыма — нават калі ў шахту пацэляць адна за другой 7 або 9 варожых ядзерных боегаловак, „Сармат” усё роўна ўзляціць і пакарае агрэсара. А Масква аточана цэлым частаколам „Сарматаў”. І, калі ў Пуціна зляціць хоць волас з галавы, гэта здарыцца толькі ў выніку аблысення, а не амерыканскай ядзернай атакі.
Увогуле, увесь свет патаемна захапляецца Пуціным, ягонай стойкасцю і мужнасцю ў супрацьстаянні амерыканскім імперыялістам. Нечуваная моц навейшай расейскай зброі ацвярозіла Амерыку і змусіла яе адмовіцца ад сваіх разбойніцкіх планаў. Якімі ж былі іхнія намеры, высветлілі доблесныя расейскія чэкісты. У свой час пры дапамозе сакрэтнай псі-тэхналогіі яны праніклі ў падсвядомасць тагачаснага дзяржсакратара Мадлен Олбрайт, і высветлілі, што гэта дама пераканана — Сібір і Далёкі Ўсход належаць Расеі несправядліва, і трэба гэтыя тэрыторыі адабраць.
А тут ім „Сатана” з „Іскандэрамі” ды „Сарматамі”! Рукі кароткія ў „піндосаў”! Інтэрнэт літаральна завалены паведамленнямі аб усё больш і больш дасканалых расейскіх знішчальніках, падводных лодках, танках, верталётах, гарматах і аўтаматах… І ўвесь час падкрэсліваецца — аналагаў падобнай зброі няма ні ў кога. І як жа карціць як найхутчэй выпрабаваць усё гэта на практыцы, знішчыць, спапяліць праклятых амерыканцаў і „гейрапейцаў”, — і ўрэшце будзе ўсім расейцам шчасце.
Імперыя зла імкнецца да хімічна чыстага спосабу існавання. Усе вытворчыя і інтэлектуальныя сілы скіраваны на агрэсію, на сродкі забойства. І нічога, абсалютна нічога — на павышэнне ўзроўню жыцця звыклага чалавека. Ужо не тое што тэлевізара ці фотаапарата, звыклай жаночай пракладкі не ў стане зрабіць!
У чым расейскія дасягненні сапраўды бяспрыкладныя і паспяховыя — дык гэта ў замбаванні уласнага насельніцтва. Ачмурэлае ад мілітарысцкай істэрыі, яно не ў стане дадумацца нават да такой простай высновы — калі ЗША здольны пасылаць зонды на Марс і Плутон, садзіць іх на камету, то, мабыць, і вайсковая тэхніка ў іх не горшая…
Давялося чытаць артыкул, у якім параўноўваліся тэхнічныя характарыстыкі электронікі „Дональда Кука” і самалёта Су – 24, які нібыта так напалохаў амерыканцаў. І высвятляецца, што гэты „подзвіг” — чыстай вады фейк, выдумка. На справе магчымасці эсмінца і самалёта несупаставімыя, ды вось толькі перавага на баку першага. Пагэтаму „Дональд Кук”, выканаўшы першае заданне, праз некаторы час спакойна вярнуўся на тое ж месца.
Але „шырнармасы” такую праўду не ўспрымаюць. Яны прагнуць вайны. Бо сказаў жа айцец Чаплін, другая па значнасці асоба ў РПЦ МП, што сытае мірнае жыццё згубна дзейнічае на духоўны стан расейскага народа, — але, дзякаваць Богу, гэта хутка скончыцца.
Адзін з лепшых расейскіх літаратараў сучаснасці, Дзімітры Быкаў, перакананы, што падрыхтоўка да вялікай вайны набыла такі размах, што спыніць яе не можа ніхто.
Не хочацца верыць, што ён мае рацыю…