Юры Рубцоў пераведзены ў Бабруйскую калонію №2



Палітзняволены Юры Рубцоў пераведзены са следчага ізалятару ў Баранавічах у Бабруйскую калонію №2.

Юры Рубцоў стаў вядомы пасля затрыманняў за майку з лагатыпам „Лукашенко – уходи”. І гэта стала штуршком для працяглага пераследу, у выніку якога Юры Рубцоў апынуўся ў турме.

Па словах прадстаўніцы праваабарончага цэнтру „Вясна” Насты Лойкі, бабруйская калонія мае досвед утрымання палітвязняў.

– У гэтай турме быў Алесь Бяляцкі, там сядзілі некалькі зняволеных пасля Плошчы 2010 году. Да гэтага там сядзеў Андрэй Бандарэнка па першай сваёй крымінальнай справе. Калонія гатовая прыняць палітвязня. Будзем спадзявацца, што ў адносінах яго не будзе катаванняў і правакацыяў. І мы будзем спадзявацца на яго вызваленне раней, але па той сітуаыці, якая складаецца, гэта малаверагодна. 

На нядаўняй прэсавай канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў справу Юрыя Рубцова, сказаўшы, што не лічыць надпіс „Лукашенко – уходи” злачынствам і паабяцаў разабрацца.

Фармальна Рубцоў быў асуджаны спачатку да абмежавання волі быццам за абразу суддзі. Ужо ў месцы пакарання ён зрабіў татуіроўку „Лукашенко – уходи” у сябе на грудзях. І адразу пасля гэтага была пачата крымінальная справа па артыкуле аб ўхіленні ад адбыцця пакарання. Юры Рубцоў быў зноў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя