Данецкія і Луганскія аўто вызвалены ад платы за праезд па Беларусі



Транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, вызвалены ад платы за праезд па платных дарогах Беларусі. Гэта прадугледжана прэзідэнцкім указам.

Так, вызваляюцца ад платы транспартныя сродкі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш за 3,5 тоны, а таксама іх прычэпы.

Таксама ўказ тычыцца некаторых аспектаў сістэмы збірання платы за праезд па платных дарогах.

У прыватнасці, вызваляць ад платы за праезд цягам 10 дзён з моманту ўвозу або набыцця транспартныя сродкі, раней не зарэгістраваныя ў Беларусі. Яны павінны мець тэхнічна дапушчальную агульную масу не больш за 3,5 тоны пры дастаўцы іх да месца дзяржрэгістрацыі.

Транспартная інспекцыя Мінтранса Беларусі цяпер мае права атрымліваць адпаведную інфармацыю ад Міністэрства па падатках і зборах і МУС пра рахункі ўладальніка або арандатара транспартнага сродка, паведамляе «Інтэрфакс».