Пра што марыць моладзь?



Міжнародны дзень моладзі адзначаецца 12 жніўня. Ён  усталяваны Генеральнай  Асамблеяй ААН 17 снежня 1999 года па прапанове Сусветнай канферэнцыі міністраў па справах моладзі, якая адбылася ў Лісабоне ў жніўні 1998 года.

У гэты дзень прыцягваецца найбольшая ўвага грамадскасці да цяжкасцяў, з якімі сустракаюцца маладыя людзі, у тым ліку звязаныя са стыгматызацыяй і дыскрымінацыяй.

А што хвалюе моладзь і пра што яна марыць, запыталіся мы ў мінакоў Глыбокага:

– Быць паспяховым, знайсці добрую працу. Цяпер працу знайсці складана, асабліва для моладзі.

– Мару з’ездзіць у Парыж.

– Моладзь цяпер хвалюе працаўладкаванне, бо ўладкавацца цяжка. І большасць месцаў займаюць пенсіянеры. Мару з’ездзіць за мяжу.

– Мару вучыцца ў Менску, вучыцца добра, каб мяне не выганялі. Мару з’ездзіць на мора. Шмат людзей з’язджае з Беларусі за мяжу, вось гэта мяне хвалюе. І мяне хвалюе, што ва Украіне ідзе вайна і там гінуць людзі.

Узроставыя рамкі, якія дазваляюць адносіць людзей да моладзі, адрозніваюцца ў залежнасці ад канкрэтнай краіны. Як правіла, ніжэйшая ўзроставая мяжа моладзі – 14-16 гадоў, вышэйшая – 28-35 гадоў.

Першы раз Міжнародны дзень моладзі святкаваўся 12 жніўня 2000 года. У цэлым, гэты дзень для маладых людзей з’яўляецца добрай нагодай забаўляльна правесці свой вольны час.

Беларускае Радыё Рацыя