Чарнагорыя – краіна пляжнага турызму
Падарожжа ў краіну пляжнага і горнага турызму Мантэнегра, ці як у нас любяць называць Чарнагорыю, цягнулася ад Гародні каля двух дзён. Трохі больш за дзве тысячы кіламетраў на ўласным аўто праляцелі літаральна як адна хвіліна. Па дарозе ад Любліна пераночылі першую ноч у Славакіі, дзе дзякуючы «букінгу» знайшлі даволі прыстойны хостэл, а другая начоўка была на мяжы Сербіі і Чарнагорыі.
Мы выбіралі для адпачынку ў Чарнагорыі маленькія гарады, і нашым выбарам стаў спачатку старажытны горад Бар, а канчатковым пунктам прыпынку – невялічкае мястэчка Добра-Вода, якое нам проста спадабалася з-за назвы.
У вядомы яшчэ з часоў старажытнага Рыма Бар мы ездзілі на мясцовы кірмаш, які называецца амаль як італьянская плошча – «п’яца». Прадукты, а гэта садавіна і агародніна, каштуе ў Бары амаль як у нас, аднак нас цікавілі нейкія адметныя рэчы. Такімі адметнымі рэчамі для аматараў алкаголю з’яўляюцца ракія і «він’як» – мясцовае брэндзі, бо назва «кан’як» у іх забаронена. Дзяўчатам даспадобы прыйдзецца салодкае малінавае віно, якое з’яўляецца адметнасцю рэгіёна – Барскай рыўеры. Таксама даспадобы прыйшоўся «пршут» – вэнджанае мяса, якое таксама з’яўляецца адметнасцю рэгіёна. Яго робяць як у Мантэнегра, так і ў Харватыі, Славеніі ды Сербіі. Гэтае мяса вельмі падобнае на беларускі кумпяк і вельмі яго нагадвае па смаку. Яго вэнджаць на розным дрэве і ад гэтага залежыць кошт.
Апроч гастранамічных набыткаў (а асноўнымі набыткамі на кірмашы былі мяса і рыба), былі таксама крэветкі. Іх малыя крэветкі падобныя на тыя, што ў нас прадаюцца пад назваю «каралеўскія».
Што яшчэ можна пабачыць у Бары, апроч кірмаша? Гэта, зразумела, самы вялікі ў Мантэнегра марскі порт, дзе вялізныя, як дзевяціпавярховы дом, паромы могуць перавезці вас у бок Італіі. Розныя вайсковыя караблі тут суседнічаюць з рознымі яхтамі ды невялікімі чаўнамі. Падарожнічаючы па порце на машыне, мы выпадкова ўехалі ў зону бязмытнага гандлю і ўбачылі знаёмыя чалавеку, які падарожнічае у бок Польшчы, крамы Duty Free. Аднак дзяўчына-паліцыянт развярнула нас, убачыўшы беларускія нумары на нашым аўто.
У Бары вялікая колькасць старажытных помнікаў. Аднак самым вядомым з’яўляюцца палац караля Міколы, які, на жаль, падчас нашага наведвання быў на рэканструкцыі. Гэта і пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя чыгуначны вакзал з ранейшай вузкакалейкай, а цяпер – стандартнай чыгункай, што звязвае Бар са сталіцай Сербіі Бялградам.
Ночылі і жылі мы ў Добра-Водзе, невялічкім на тысячу жыхароў мястэчку, якое знаходзіцца на беразе Адрыятычнага мора. Галечны пляж і вялікая плата за шэзлонгі (да 10 еўра ў дзень) паўплывала на тое, што мы адпачывалі тут толькі чатыры дні.
Аматарам пляжнага адпачынку трэба ўзгадаць, што гэты год адпачынку ў Мантэнегра стаў для былых аматараў адпачынку ў Крыме добрай заменай. Расейскамоўныя адпачываючыя з Малдовы альбо з Украіны, якіх нам удалося выпадкова сустракаць у Добра-Водзе, казалі, што яны выбралі Мантэнегра менавіта з-за падабенства да Крыма.
І казалі, што ў расейскі Крым яны не збіраюцца. Але наш прапынак тут быў невялікі, і нас чакала Албанія, дзе пясчаныя пляжы і невялікія кошты на харчаванне і жытло нас вельмі здзівілі.
[Not a valid template]
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара