У Берасці не дазволілі пікет у падтрымку палітвязняў



Пікет, прысвечаны тэме палітычных зняволеных у Беларусі, забаранілі ў Берасці. Праваабаронца Уладзімір Вялічкін атрымаў афіцыйную адмову ў правядзенні мерапрыемства 10-га жніўня. Прычынай стала святкаванне прадстаўнікамі ўлады ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў Дня будаўніка.  Праваабаронца ўпэўнены, што гэтая прычына – надуманая:

-Я лічу, што падстава для адмовы – надуманая. Прычым такіх надуманых падстаў для адмовы толькі дзве. І калі не спрацоўвае план “А”, –  не дастае дакументаў, то спрацаваў план “Б”, – на гэты дзень былі запланаваныя нейкія іншыя мерапрыемствы, і запланаваныя яны былі яшчэ ў мінулым годзе.

Некалькі дзён таму адміністрацыя парку адмовілася заключаць папярэднюю дамову аб правядзенні мерапрыемства з праваабаронцам.

Паводле мясцовага рашэння, каб правесці пікет або шэсце – трэба заключаць і аплочваць дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай, камунальнымі службамі. Аднак на практыцы гэта зрабіць – не заўсёды магчыма.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота palitviazni.info