Тры аўто з цыгарэтамі затрымалі падляшскія мытнікі за адзін дзень



Больш за 2 тысячы 400 пачак цыгарэт затрымалі мытнікі ў польска-беларускім пункце пропуску ў Кузніцы. Гэтая кантрабанда перавозілася ў трох асабовых аўтамабілях, два з якіх належаць грамадзянам Беларусі, а адзін – паляку.

Так, беларус, які ехаў аўтамабілем Ford Escort, раніцай 10 жніўня, уехаў на тэрыторыю для мытнага агляду, які правялі з вялікай дакладнасцю і выявілі 450 пачак цыгарэт, схаваных у падвойным баку для газу LPG. Праз гадзіну пад’ехала Audi 100, таксама з беларускім кіроўцам. Мытнікі знайшлі ў машыне 1435 пачак цыгарэт, схаваных у колах і паліўным баку. Яшчэ пазней грамадзянін Польшчы на Ford Mondeo спрабаваў правесці 520 пачак цыгарэт.

unnamed1

Як заўважае Марыюш Сітнічук з Мытнай палаты ў Беластоку, цяжка вызначыць максімальную колькасць цыгарэт, якую кантрабандысты спрабуюць увесці з Беларусі:

Вязуць, колькі могуць змясціць у дзверы, пад “маску”, у паліўныя бакі. Гэта можа быць вельмі вялікая колькасць. У гэтым выпадку ў Кузніцы кантрабанда была добра схаваная, бо цяжка праверыць, ці ў паліўным баку ёсць нешта, акрамя паліва. А тут у адным выпадку размова ішла не пра паліва, а пра газ, так што гэта ўвогуле дастаткова небяспечна. Аднак мытнікі заўважылі пэўныя прыкметы таго, што ў баку можа быць нешта схаванае, і сапраўды, там было досыць шмат схавана цыгарэт. Таксама ў другім выпадку колы сталі “схованкай” для кантрабанды.

Агулам у Кузніцы пераважна кантрабанду знаходзяць у асабовых аўто, у грузавых часцей яе выяўляюць на мяжы з Літвой.

Ва ўсіх выяўленых выпадках кантрабанды цыгарэт, тавар канфіскаваны. Таксама да рашэння суда ва ўладальнікаў канфіскавалі машыны, паколькі яны былі адмыслова пераробленыя для незаконнай перавозкі цыгарэт – кажа Марыюш Сітнічук:

unnamed

Калі ў аўтамабілі адбыліся канструкцыйныя змены, зробленыя нейкія схованкі і гэтык далей, то ў гэтым выпадку, паводле заканадаўства, мы канфіскуем аўто. Мы распачалі ва ўсіх пералічаных выпадках справы, таму цяпер лёс гэтых канфіскаваных машын будзе вырашаць суд.

Ацэньваецца, што дзякуючы працы мытнікаў, у гэтым выпадку атрымалася ашчадзіць для бюджэту Польшчы ды Еўразвязу больш за 51 тысячу злотых.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя