Турэц – месца, дзе загадваюць жаданні



Мястэчка Турэц, што ў сучасным Карэліцкім раёне, мае гісторыю даўнейшую, чым многія гарады. Першая згадка пра яго датычыць яшчэ 1276 году і знойдзена ў Валынскай хроніцы. Назва ня мае, канешне, нічога супольнага з туркамі. Паводле адной з версій тапонім пайшоў ад назвы старажытнай жывёлы – тура. Аднак, намнога больш імаверна, што назва ўтварылася ад слова “турэц”, якое азначае імклівую рачную плынь.

У 14-ым стагоддзі Турэц – уласнасць кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча, яго сын перадаў мястэчка каля 1420 году Лаўрышаўскаму манастыру. З 16-га стагоддзя – гэта ўладанне Хадкевічаў. У 17 стагоддзі тут былі касцёл, уніяцкая і праваслаўная цэрквы. Мясцовасць пазней у розны час належала Хадкевічу, Ліпінскаму, Букатовічу і іншым.

Турэц знакаміты сваімі нараджэнцамі. Менавіта тут з’явіліся на свет знакаміты беларускі спявак-эмігрант Пётр Конюх, легендарны змагар за вольнасць, адзін з кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі Барыс Рагуля, які цудам ацалеў і здолеў выехаць у замежжа, таленавіты паэт-сатырык і гумарыст Анатоль Дзяркач (Зімёнка), загублены ў 1937-ым сталінскай сістэмай, ведамы фізік Фёдар Фёдараў, сын Янкі Маўра. Знакаміты пісьменнік, дарэчы, жыў тут каля трох гадоў і вянчаўся. Часта бываў у Турцы і Янка Брыль.

Галоўны помнік сучаснага Турца – гэта шматкупальная царква. Старыя дрэвы вакол царквы за апошняе дзесяцігоддзе ўжо ўсе спілаваныя. На царкоўнай мураванай браме выбіты год 1888. Злева ад брамы каменны помнік з шматлікімі напісамі лацінскімі літарамі, якія цяжка расчытаць. На гэтым камяні стары металёвы крыж. Зусім непадалёк ад царквы помнік савецкім воінам, якія загінулі ў другую сусветную вайну. Паблізу і цікавы драўляны будынак з атынкаваным пліткай нізам і чыста драўляным верхам з ажурнай разьбой. У гэтым будынку цяпер размешчана пошта.

Каля царквы растуць з зямлі невядомыя крыжы. Адзін малы, а другі паболей. Паводле мясцовых паданняў – гэта магіла князя і яго сына, якія аддалі жыцці за краіну. І гэтыя магутныя крыжы выконваюць два жаданні, толькі адно з іх абавязкова павінна быць не для сябе, а для наваколля і краіны. Вось і цягнуцца сюды людзі і загадваюць жаданні ў спадзяванні, што яны спраўдзяцца. А ці сапраўды гэта так, вы здолееце даведацца толькі дакрануўшыся да камянёў і распавёўшы ім свае мары.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара