Санкцыйныя прапановы ў сваіх інтарэсах
Амерыканскія палітыкі выкарыстоўваюць правы чалавека для лабіравання гаспадарчых інтарэсаў. Пашырыць эканамічныя санкцыі на „Беларуськалій” заклікалі амерыканскія кангрэсмэны Том Удал, Марцін Хейнрых і Сціў Пірс, якія падалі супольны законапраект. Яны заклікалі пашырыць беларускі санкцыйны спіс на беларускага калійнага гіганта, якога летась беларускі ўрад вывеў з дзяржаўнага канцэрну „Белнафтахім”. І гэтая прапанова, на жаль, не заўсёды звязаная з клопатам аб правах чалавека ў Беларусі, кажа кандыдат філасофскіх навук Кембрыджскага універсітэта Вольга Чарныш.
– Некалькі кангрэсмэнаў штату Нью-Мексіка прапанавалі законапраект па пашырэнні санкцый на “Беларуськалій”. Гэтыя кангрэсмэны атрымоўвалі ахвяраванні для сваіх выбарчых кампаній ад нью-мексіканскай прадпрыемства, якое вырабляе калійныя угнаенні. Мне здаецца, і не толькі мне, але і іншым аналітыкам, таксама і ў ЗША, што крокі гэтых кангрэсмэнаў супраць “Беларуськалія” з’яўляюцца спробай выкарыстаць рыторыку правоў чалавека для абароны эканамічных інтарэсаў штата Нью-Мексіка і выбаршчыкаў.
Сенатары Том Удал і Марцін Хейнрых прадстаўляюць штат Нью-Мексіка, дзе вырабляецца 75% амерыканскіх калійных угнаенняў. Санкцыі супраць Беларусі ЗША ўвялі ў 2004 годзе і пашырылі пасля рэпрэсій у 2006 годзе ды разгону Плошчы ў 2010-м. Сёлета Барак Абама падоўжыў дзеянне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” яшчэ на адзін год.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя