Славамір Іванюк: Гэтая мяжа была створана штучна



70 гадоў таму дамовай паміж Савецкім Саюзам і Польшчай была ўсталяваная мяжа, якая з невялікімі, не надта значнымі зменамі, функцыянуе і дагэтуль. Гэтая граніца падзяліла людзей, якія стагоддзямі жылі побач – падзяліла сем’і, падзяліла блізкіх і знаёмых. І гэтая мяжа функцыянуе дасёння. Усё гэта пра беларуска-польскую мяжу. Наш госць – гісторык дзяржаўнага архіву ў Беластоку Славамір Іванюк.

РР: Гэтая дамова, гэтая мяжа – як на яе глядзець з гістарычнага пункту гледжання. Вядома, што ніводная мяжа не можа быць справядлівай. У Еўропе межы перасоўваліся не раз.

Славамір Іванюк: Яна першы раз была створана ў 1945 годзе. Але насамрэч пачаткі гэтай мяжы ў канцы 1944-га. Самыя важныя, галоўныя рашэнні былі прынятыя яшчэ ў ліпені 44-га. Што праўда, гісторыкі, перадусім польскія, спрачаюцца, чаму гэтая мяжа была так усталявана і калі. Але, паводле маіх звестак, ужо калі паўстаў польскі камуністычны ўрад у ліпені 1944 года, то ўжо Сталін ведаў, што гэтая мяжа будзе так уладкавана, а не інакш. Што Гародня будзе ў Савецкім Саюзе, што Львоў будзе ў складзе Савецкай Украіны, а Беласток застанецца ў Польшчы. Былі яшчэ размовы пра Белавежскую пушчу. Тут ёсць звесткі, што Белавежская пушча ўжо была падзелена пад канец 1944 года. Так што Сталін тут ласкава глянуў і аддаў Гайнаўку і Белавежу Польшчы.

РР: Вядомыя факты таго, што прынамсі на Беласточчыне, пра гэта не раз згадваюць самі людзі, спрабавалі нейкім чынам, за самагонку, рознымі шляхамі, неяк перасунуць гэтую мяжу, якая праходзіла часта проста па панадворках.

Славамір Іванюк: Гэта складаная справа, каб усталяваць нейкую лінію на тэрыторыі, каб яна была неяк выгадна для жыхароў, якія жылі з пакалення на пакаленне ў сваіх вёсках. Трэба яшчэ раз падкрэсліць, што гэтая мяжа – гэта зусім штучны твор. Яна паўстала толькі выключна з палітыкі, якая была ў 40-х гадах, якая паўстала пад канец Другой сусветнай вайны і пасля Другой сусветнай вайны. Гэтую мяжу рабіла супольная польска-савецкая камісія. Гэта было ўжо пасля дагавора. І гэтая камісія мела свае ўчасткі на ўсёй граніцы Савецкага Саюза і Польшчы, скажам, ад Балтыйскага мора, да Карпатаў, і гэтых камісій і падкамісій было шмат. Тут таксама было некалькі камісій, і яны, ідучы па тэрыторыі паміж гэтымі вёскамі, або праз вёскі, вызначалі гэтую лінію. І так здаралася, што былі падзеленыя цэлыя вёскі, напрыклад, Такары. Большая частка з царквой засталася ў Савецкай Беларусі, частка засталася ў Польшчы. І можам пералічыць яшчэ некалькі вёсак. Палі гэтых вёсак, якія апынуліся на адным ці другім баку мяжы, часта заставаліся за мяжой. Так што яшчэ ў 44-45 гадах гэтая граніца яшчэ не вельмі жорстка ахоўвалася. Жыхары памежных вёсак пераходзілі яе. Пагранічнікі, ці савецкія ці польскія, былі жывымі людзьмі. Напрыклад, карова пяройдзе мяжу, людзі мелі шмат іншых клопатаў. Але ўжо ад 1946 года гэтую граніцу было цяжка перасячы, бо савецкі бок стварыў адмысловую пагранічную службу. Стала цяжка грамадзянам Польшчы беларусам перайсці да сваіх суседзяў і родных, бо гэтая мяжа падзяліла – і сем’і, і суседзяў. Частка людзей, якія жылі па савецкі бок граніцы, перайшла мяжу і пачала жыць у Польшчы. Таксама частка беларусаў пераехала ў Савецкі Саюз. Беларусы пераязджалі перадусім на падставе дамоўленасці пра абмен жыхароў. Але частка беларусаў, маладых беларусаў, апынулася ў Савецкім Саюзе як салдаты чырвонай арміі. Бо яны былі  прызваныя ў гэтую армію, напрыклад, у Прусіі. Шмат маладых беларусаў з Беласточчыны і з гэтай прымежнай тэрыторыі апынулася на работах у Прусіі, у Германіі, і там, калі яны казалі, што яны па нацыянальнасці беларусы, то іх бралі ў савецкую армію. Хто сказаў, што ён паляк, што жыў у Польшчы, то яго ў чырвоную армію не бралі, і ён вярнуўся на Беласточчыну. Так што шмат маладых беларусаў перасякала гэтую мяжу ўжо пасля дэмабілізацыі ў 46-47 гадах, а некаторыя толькі ў 50-ыя гады вярнуліся да сваіх ўжо прымежных вёсак.

РР: За гэтыя 70 гадоў вырасла не адно пакаленне, для якіх мяжа – рэальнасць. Ці можна забіць так, каб прынамсі ў свядомасці людзей быў факт, што быў час, калі людзі жылі побач адзін аднаго і жылі разам?

Славамір Іванюк: Так 70 гадоў – гэта змяняе свядомасць, перадусім маладога пакалення. Бо я з гэтага пакаленне, бацькі якога яшчэ маюць калегаў, ці сям’ю ў Беларусі. Так што для гэтага старэйшага пакалення гэтай мяжы не было, асабліва калі яны народжаны перад Другой сусветнай вайной. Я помню, як мой дзед згадваў, што ён ездзіў у Баранавічы з яблыкамі на кірмаш. Ніякай мяжы тут не было. Хрэсніца майго бацькі перасялілася ў Гародню з мужам, пасля Другой сусветнай вайны пераехалі. Яны прыязджалі ў адведкі да суродзічаў на Беласточчыну. Мы таксама туды ездзілі, я паксама ездзіў у 70-ыя гады. Мы яшчэ разумелі, што гэтая мяжа штучная. Але маладое пакаленне ўжо мае зусім іншы погляд на свет. Калі яно ездзіць па цэлай Еўропе, не маючыя ніякіх візаў, а паехаць у Беларусь – гэта складаная справа. Я думаю, што тут неяк добра паўплывала б увядзенне малога памежнага руху.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарка ў гукавым фармаце