Пашырэнне жыцця



Хто ж не хацеў бы пражыць доўгае жыццё – каму не спявалі, і хто сам не спяваў для кагось : „Сто гадоў! Сто гадоў!” Але, чым далей жывеш на гэтым свеце, тым больш разумееш: працяглымі бываюць толькі хваробы, а жыццё – любое! – заўжды кароткае… Як сказала маці майго сябра перад смерцю – нібыта праз адны дзверы зайшла, а праз другія выйшла…

Усе мы маем надта сціплыя магчымасці прадаўжэння жыцця – ну, вядома, калі будзеш займацца фізкультурай, не піць, не курыць, то мо і працягнеш лішніх пяць-дзесяць гадоў. Але што гэта значыць? Азірніцеся на ўласныя апошнія не тое што дзесяць, дваццаць гадоў – яны праляцелі, як сон!

Так, прадоўжыць жыццё складана. Затое яго можна – і трэба! – пашыраць, насычаць, рознастайніць. І тут магчымасцяў куды больш.

Мой швагра, самадзейны мастак, прадаючы свае абразкі на віленскай вуліцы, пазнаёміўся з цікавым чалавекам. Гэта быў амерыканец літоўскага паходжання. Звалі яго Мікалас Бразіс. Ён ужо з цяжкасцю гаварыў па-літоўску, але быў надзвычай таварыскі і гаваркі. Пасля сумеснай чаркі Мікалас быў перайменаваны ў Мікуся і запрошаны шваграм да цесця ў вёску Чуранцы непадалёк беларускай мяжы. Цесць, дзед Мар’ян, быў амаль равеснік Мікуся. І вось у размове высветлілася, што ён усё сваё жыццё пражыў у сваёй роднай вёсцы, ну, мо ў Вільні быў пару разоў. Разгублены Мікусь ніяк не мог паверыць у такі факт, усё думаў, што яму няправільна пераклалі, – як жа так, ён сам аб’ездзіў – аблётаў ці не ўсю планету Зямля… а тут нехта ўсё жыццё праседзеў на адным месцы! Неверагодна!

Няма ўжо на свеце ні Мікуся, ні дзеда Мар’яна. І пражылі яны прыкладна пароўну – але ж ці можна параўнаць іх жыццярысы паводле насычанасці?

Мы, чыя маладосць прайшла пры бальшавіках, мелі няшмат магчымасцяў для пашырэння сваіх кругаглядаў. Паехаць за мяжу было практычна немагчыма, то й замежныя мовы вывучаць не было стымулу. Між тым, гэта й была адна з даступных магчымасцяў зазірнуць за далягляд. Шкода, што я зразумеў гэта залішне позна.

Старэйшыя людзі памятаюць кніжны голад 70 – 80 гадоў, калі добрую кнігу можна было набыць толькі „па блату”. У той жа час у кнігарні „Дружба” стаялі шчыльныя шэрагі так апетытна выдадзеных нямецкіх кніжак! ( Немцы і ў ГДР мелі паліграфію на высокім узроўні.) І якраз тое, што мяне найбольш цікавіла – біяграфіі мастакоў, класіка. Нямецкую мову я „праходзіў” і ў школе, і ў інстытуце, – вядома, як гэта рабілася. Я, мабыць, стараўся трошкі больш, чым іншыя, бо выкладчыца падаравала мне на развітанне біяграфічны раман пра Леанарда да Вінчы на нямецкай мове. І ён мне аказаўся „не па зубах”. Але „закіпеў мой розум абураны”, я набыў самы тоўсты слоўнік і засеў… Гэту кнігу я чытаў паўгода. Наступная пайшла лягчэй. І вось урэшце – момант запомніўся на ўсё жыццё – улёгся я аднойчы з томікам свайго любімага Э.Т.А. Гофмана па-нямецку, без слоўніка, у густую траву за хлеўчуком… Мабыць, толькі наркаманам вядомы такі „адлёт” – я поўнасцю перанёсся ў чароўны свет вялікага нямецкага рамантыка! Ніякія пераклады няздольны даць такі эфект!

З бяссільнай злосцю ўзгадваю – колькі рознай лухты даводзілася ўбіваць у галаву, усе гістматы-дыяматы, гісторыю КПСС , ды іншую дрэнь. Гэта ж каб замест гэтага ды вывучаць замежныя мовы! А так, цяпер слабыя здольнасці ды і ўзрост так і не дазволілі асвоіць англійскую. А чалавек, які ў наш час не ведае гэтай цяперашняй lingua franca, у многіх сітуацыях чуецца проста ментальным інвалідам…

Але не толькі мовамі можна насыціць, узбагаціць і пашырыць сваю жыццёвую прастору.

Падарожжы, знаёмствы з цікавымі людзьмі, адкрыццё для сябе чароўнага свету музыкі, мастацтва… ды шмат чаго яшчэ!

Давайце ж будзем жыць насычана, багата, шырока!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ