Пасёлак МОФ – як паміж Сцылай ды Харыбдай
Жыхары пасёлка МОФ, што месціцца ў некалькіх кіламетрах ад Менску па Магілёўскай шашы, збіраюцца падаць наглядную скаргу ў абласны суд наконт адмены рашэння суда Менскага раёна. Дзяржаб’яднанне “Мінскэнэрга”, спасылаючыся на недахоп сродкаў, адмаўляецца правесці рамонт і адвесці лініі ЛЭП, што праходзяць праз гароды і ля хат 800 жыхароў.
Электралініі не рамантаваліся з 1964 года, аж да таго, што слупы з аголенымі дратамі ляжаць прама на зямлі, пагражаючы жыццю. Аднак гэта далёка не адзіная праблема ў мястэчку, назва якога паходзіць ад пачатковых літар сталічнай фабрыкі гародніны.
…Такога я не сустракаў нават у часе сваіх шматлікіх вандровак па кінутых вёсках вакол Чарнобыля. Там у паселішчах няма людзей, але засталіся дарожныя ўказальнікі і адпаведныя пазнакі на мапах. Тут жа на гэтыя зручнасці не спадзяюцца ўжо за чатыры дзесяцігоддзі ад заснавання. Чалавек неабазнаны апынаецца, як у казцы – “ідзі немаведама куды, знайдзі немаведама што”. Мне, зрэшты, дарогу да МОФа дапамаглі знайсці людзі, што тоўпіліся ля фірмовага шапіка фабрыкі гародніны.
Дарэчы, таматы, гуркі ды баклажаны там утрая танней, чым у крамах. Іду болей за км да МОФ па сцяжыне, паабапал якой агароджы з бетону ды калючага дроту – адпаведна ад фабрыкі гародніны і электрадэпо метрастанцыі „Магілёўская”. Упіраюся ў тупік, дзе й сустрэўся са сп. Ірынай Віяленцій, вядомай у мінулым жэньшэневодам ды арганізатаркай мясцовага супраціву. Разам з ёй вандруем па пасёлку.
Сп. Ірына: Юрыдычна пасёлка няма. Будаваўся ў 60 гады, так і называўся „Менскай фабрыкі гародніны”. І прапіска такая, рэгістрацыя. А на карце намаляваныя кубікі, што нешта ёсць, а якая назва – няма. У Навадворскім сельсавеце дадумаліся – перадалі ў вёску Сціклева, вуліца Фабрычная. А палова людзей прапісана ў Сціклеве, палова ў МОФ. У мяне, напрыклад, прапіска ў МОФ, а зямля каля хаты прыватызаваная – на вуліцы Фабрычнай. Хоць кампактна праглядаюцца нашы 2 старыя вуліцы і 4 шматкватэрныя дамы. Пражывае ўся тысяча. Дык адзін дом – пасёлак МОФ, суседні – вёска Вялікі Трасцянец, інтэрнат адносіўся да “11 км” па Магілёўскай шашы! А яшчэ адзін дом – палова ў вялікім Трасцянцы, палова – у МОФе. Мая дачка цяжка захварэла, выклікалі „хуткую дапамогу” – цэлую гадзіну не магла знайсці! Імя трэба пасёлку даць!
Сустракаемся з цэлай плеядай Дуброўскіх – пажылой Соф’яй Кліменцьеўнай, дачкой Ірынай з мілай сабачкай. Падыходзіць і Святлана, пачуўшы “тэму”.
Дуброўскія: А ўзімку тратуар не чысцяць. З паліклінікі ішла – 3 разы ўскараскалася ледзь на снег, вымазалася… У нас увечары слупы не гараць, так што незалежна ад узросту, асабліва ўзімку, сустракаем адно аднаго. Пры чым, як шахцёры ў шахце, прывязаўшы да галавы ліхтарыкі…Мы сталі жыць у рэзервацыі – прамысловасць нас задушыла. Тое, што мы тут ёсць, ніхто не думае. Мне б хацелася пад’ехаць да сваёй хаты бліжэй, асабліва калі ноччу вяртацца. Пра краму і не марым. Хаця б сметніца стаяла!.. Ва ўсіх вёсках і пасёлках знаходзіцца шапік, дзе можна купіць тую ж ваду, цыгарэты. А ў нас за 2 км! А калі старыя людзі не могуць дайсці, кульгаюць?! Вялікія грузы ходзяць, разбіваюць дарогу, аж на ровары не праехаць – яміна на яміне. А во легкавая ідзе – хуткасць 5 км…
Нам „пашанцавала” – услед грукатаў, ідучы на ўсю шырыню дарогі МАЗ з прычэпам. Спадарыня Ірына кінулася да кіроўцы, як на амбразуру:
– Вы адмыслова сюды прыехалі разварочвацца, як і многія?! Адзін раз жанчыне было дрэнна, а на дарозе было фур настаўлена. Дык „хуткая дапамога” не магла заехаць у пасёлак. І жанчыну неслі да перакрыжавання з кіламетар… Калі мы ўбачылі, што ставяць агароджу на наш пешаходны тратуар, мы выйшлі і перакрылі дарогу на дзве з паловай гадзіны. Прыехалі даішнікі, старшыня Навадворскага сельсавета і землеўкладальнік. І ў прысутнасці многіх сказаў, што зямля захоплена Буракоўскім, дырэктарам НДІ, дзе раней рабілі піва, а цяпер віно разліваюць. Мы тады не далі ім класці пліты. А праз дзень Буракоўскі сказаў, што ў яго ёсць дазвол. Нас засталося зверху заліць бетонам…
Соф’я Кліменцьеўна Дуброўская дадае:
– Тут засталіся пенсіянеры – хачу напісаць ліст, канверту няма дзе купіць. А ўжо па хлеб у краму! Добра, з дзецьмі пасялілася. Жахлівае становішча! Дзеці ідуць пешаком са школы. Лужыны, дрыгва вакол. Ані да пошты, ані да аптэкі, ані да крамы не дабрацца. І да тае паліклінікі, як хочаш. Дык зараз дамагліся абслугоўвання ў 17 менскай паліклініцы…за грошы! На кожны прыём да тэрапеўта вымушаныя заключаць камерцыйную дамову, як іншагароднія ці іншаземцы!.. На 400 метраў пасёлак разразае фабрыка гародніны і з трох бакоў агароджаны платамі з калючым дротам – ледзь не па самыя вокны. Мы ў канцлагеры знаходзімся! Розніца толькі ў тым, што зэкі па заканчэнні тэрміна могуць выйсці, а мы пажыццёва закаваныя!
Суразмоўцы добра разумеюць, што сітуацыя ў МОФе – яскравая праява, як яны кажуць, „палітычнага бязмежжа ў краіне”.
–Хто нас за людзей лічыць? Праехаў чалавек па Маскоўскай трасе, за кранты і туды, бо Лукашэнка ехаў, усюды ўсё заблакіравалі. Кормім дармаедаў – жах!.. Цяпер крызіс, грошай няма, дык апарат трэба скараціць на дзве трэці! А пайдзі ў райвыканкам, з табой гавораць пагардліва – я чыноўнік, ты – дурань. Ты ім гаворыш, а яны каву п’юць!
Прыканцы ізноў пра самую надзённую праблему з электрычнымі слупамі кажа Ірына Віяленцій, што ад імя жыхароў хадзіла ў суд Менскага раёна:
– Аргументаў і адказу на пытанні няма – проста “адмовіць”! Прыехалі з электрасетак – дзе змаглі дабрацца, гнілыя слупы памянялі. А дзе не – ляжаць на зямлі разам з ідучым па дратах “токам”. А мы ж побач ходзім, гароды праполваем, дзеці гуляюць. Лінію трэба пераносіць! Дык яны чакаюць пакуль каго-небудзь не заб’е!
Жыхары пасёлка ў адстойванні сваіх правоў вырашылі дайсці аж да Вярхоўнага суда. Аднак каму і навошта патрэбная ўлада, што нават не апускаецца да вырашэння надзённых праблем людства?! Міжсобку кажуць жыхары МОФ.
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара