Возера Літоўка: легенды і новае жыццё



Возера Літоўка, што паблізу Наваградку, уславіў яшчэ Адам Міцкевіч. Менавіта ў яго эпічнай паэме “Гражына. Літоўская аповесць” знайшла адлюстраванне легенда пра князя Літавора, які заключыў здрадніцкі хаўрус з крыжакамі, князя Рымвіда і ягоную жонку, адважную літвінку Гражыну.

У савецкі час вадаём перайменавалі ў Маладзёжны, але дзякуй Богу, гэтая назва так і не прыжылася. Тут на Літоўцы бываў паэт і бард іншага часу – Уладзімір Высоцкі, які разам з Марынай Уладзі, відаць, перажыў у ваколіцы Наваградку незабыўныя хвіліны. У 1969-ым годзе Высоцкі быў тут у час кіназдымак фільма Віктара Турава “Сыны ідуць у бой” паводле сцэнару Алеся Адамовіча. Паэт жыў дзесяць дзён разам з сваёй жонкай у мясцовай вясковай хаце.

Апошнія гады вакол возера было вельмі людна, тут пераважалі хамскія п’яныя кампаніі, што выклікала шматлікія нараканні іншых. Зараз, здаецца, сітуацыя змянілася. Гаспадарчыя пабудовы вакол Літоўкі выкупіў прадпрымальнік. Вакол возера прыбрана, яго дно пачышчанае, насыпаецца жвір, спакваля з’яўляецца новая інфраструктура, усталяваны надзвычай прыгожы прыпынак, пра які мы ўжо расказвалі, упарадкаваны ручай, які выцякае з Літоўкі, пастаўлена металічная скульптура цмока. Працы вакол возера працягваюцца. Мяркуючы па гэтым, Літоўку чакае новае жыццё і магчыма яна стане месцам сапраўднага, ціхага і сямейнага адпачынку.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара