Сяргей Калякін: І я магу сказаць, што ўжо сабраў 100 тысяч подпісаў
“Людзі не бачаць у выбарах інструмент змены свайго жыцця да лепшага”, – кажа прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Сяргей Калякін.
21 жніўня заканчваецца збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Група Сяргея Калякіна па стане на 16 жніўня сабрала каля 70 тысяч подпісаў, але сам прэтэндэнт сітуацыю не драматызуе.
Сяргей Калякін: Мы працягваем працаваць, таму будзе тое, што будзе. Выкажуць нам давер людзі – збярэм неабходныя 100 тысяч подпісаў. Не – значыцца так таму і быць. Трэба разумець, да таго ж, што пакуль у нас папярэдняя інфармацыя – тэлефонная. Калі больш канкрэтна пачнем збіраць звесткі, можа аказацца зусім іншая лічба.
РР: Засмучэння не будзе, калі не ўдасца сабраць 100 тысяч подпісаў?
Сяргей Калякін: Натуральна, не будзе. Я бачу агульны стан грамадства, бачу, што людзі, на жаль, не бачаць у выбарах інструмент змены свайго жыцця да лепшага, змены сітуацыі ў краіне. У сваёй большасці яны не разумеюць, навошта наогул патрэбны выбары. Да таго ж, у грамадстве прысутнічае страх. Хоць нашы зборшыкі ды і я сам сутыкаліся з многімі, хто незадаволены дзеяннямі ўлады і разумеюць, што патрэбны нейкія перамены. Але самі рабіць у гэтым кірунку яны нічога не хочуць. Чакаюць нейкага чараўніка, які вырашыць іх праблемы. Але так не бывае.
РР: Але ж многія прэтэндэнты ўжо адрапартавалі, што сабралі 100 тысяч подпісаў, а вы кажаце пра апатыю грамадства.
Сяргей Калякін: Дык і я магу сказаць, што ўжо сабраў 100 тысяч подпісаў. І што з таго? Я ўпэўнены, што ніхто не сабраў акрамя Лукашэнкі, на якога працуе моцны адміністрацыйны рэсурс. Таму ён сабраў, а ў адносінах да ўсіх астатніх у мяне вельмі вялікія сумненні і вялікая доля ўпэўненасці, што ніхто не сабраў.
РР: А які гэтым прэтэндэнтам сэнс ладзіць паказуху? Што яны з гэтага атрымаюць?
Сяргей Калякін: Можа быць, спадзяюцца, што ўлада закрые вочы і зробіць, як у 2010 годзе: зарэгіструе нават тых, хто не сабраў подпісы.
РР: А што далей?
Сяргей Калякін: А далей – справа сумлення тых людзей, якія прымуць рашэнне ўдзельнічаць у выбарах, не сабраўшы сапраўдныя подпісы. Тады яны будуць лічыцца падстаўнымі людзьмі ад улады, што б не казалі ў сваё апраўданне.
РР: Што будзеце рабіць, калі не збярэце 100 тысяч подпісаў?
Сяргей Калякін: Нейкім чынам у кампаніі ўсё роўна будзем удзельнічаць, але пра сваю пазіцыю заявім пазней.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя