Ахвяра працоўнага кантракту ў шапіку “Мясны свет”
Працоўныя кантракты ў Беларусі паставілі ў поўную залежнасць работніка ад кіраўніка прадпрыемства. Пра гэта даўно гавораць незалежныя прафсаюзы і СМІ. Але дзяржава не звяртае ўвагі.
Як паказвае практыка, кіраўнікі прадпрыемстваў часта парушаюць працоўныя правы.
“Гэта негатыўна адбіваецца на маральным і фізічным стане людзей, – кажа Генадзь Стасюк, у якога жонка была незаконна звольнена з працы старэйшага прадаўца ў фірменным шапіку “Мясны свет” Бярозаўскага мясакамбіната ў вёсцы Першамайскай:
– Прывезлі са склада каўбасу пратэрмінаваную. І ў той жа дзень, калі яны яшчэ цэтлікі не расклалі, – санстанцыя. А жонкі тады нават не было там. Яны працуюць пазменна. Напарніца прымала каўбасу, яна робіць справаздачу. І, калі тэрмін кантракту скончыўся, дырэктар не захацеў падпісваць, як ён сказаў, што яна “не высказала достаточного сожаления о случившемся».
Шапік гандляваў з прыбыткам. Вяскоўцы абслугоўваннем былі задаволены. 200 чалавек накіравалі дырэктару пісьмо з просьбай вярнуць Алену Стасюк. Але яна не была ўзноўлена на працы.
Паводле прававога інспектара прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Уладзіміра Малея, узнавіцца на працы можна з толькі праз суд у месячны тэрмін пасля звальнення.
Беларускае Радыё Рацыя