„Талака” адкрыла цэнтры ў Берасці



У Берасці адбылася прэзентацыя цэнтраў па працы з прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў. Яны запрацуюць на базе офісаў кааліцыі “Талака”. Мэтамі такіх цэнтраў стане праца з прадстаўнікамі палітычных партый, грамадскіх арганізацый, ды людзьмі, якія жадаюць пераменаў у сваёй краіне. Лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін перакананы, што гэта добрая пляцоўка для мабілізацыі людзей напярэданні прэзідэнцкіх выбараў:

– У часе прэзідэнскай кампаніі стаўка на тое, што гэтыя цэнтры могуць прыцягнуць новых людзей да супрацы ў тых пытаннях, якія хвалююць саміх людзей. Таму самая галоўная каштоўнасць гэтых цэнтраў можа быць у тым, што яны будуць выпрацоўваць такія акцыі, у якіх людзі будуць зацікаўлены прымаць удзел.

Лідар Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што адна з галоўных задач – распаўсюд інфармацыі пра наяўнасць такіх офісаў у рэгіёнах:

– Мы лічым, што гэта вельмі перспектыўны накірунак, менавіта стварэнне цэнтраў па працы з прыхільнікамі пераменаў, гэта тая задача, без вырашэння якой нельга рухацца наперад. Проста наяўнасць офісаў у рэгіёнах без прывязкі да шэрагу задач – эфектыўнасць не вельмі высокая. Таму вельмі важна, каб у рэгіёне як мага большая колькасць людзей ведалі пра такія цэнтры, пра іх мэты і задачы і пра мажлівасці, якія яны адкрываюць. Вось гэта галоўнае.

Усяго ў Беларусі плануецца адкрыць 10 офісаў па працы з прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў. На Берасцейшчыне такі цэнтр ужо пачаў працу ў Берасці, да пачатку верасня плануецца афіцыйнае адкрыццё такіх офісаў у Пінску і Баранавічах.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце