Выбары: настроі ў грамадстве
На Гарадзеншчыне, як і па ўсёй краіне, падыходзіць да завяршэння этап збору подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. У штабах ідзе падлік сабраных подпісаў, таму канчатковыя лічбы пакуль ніхто не агучвае.
На тэрыторыі вобласці масава подпісы збіраліся за трох кандыдатаў – Таццяну Караткевіч, Аляксандра Лукашэнку і Анатоля Лябедзьку, які ўжо канстатаваў, што яго ініцыятыўная група не здолее сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.
Кіраўнік гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, аптымістычна ацэньвае пачатак кампаніі па выбарах прэзыдэнта, але не ўсе аднапартыйцы з ім згодныя:
– Трэба канстатаваць, што людзі хочуць зменаў. У параўнанні з пікетамі Аляксандра Лукашэнкі, людей, які прыходзілі на наш пікет, нашмат больш. І шмат жадаючых змяніць нешта ў краіне, бачыць новае кіраўніцтва.
Валер Кісель, сябра гарадской арганізацыі Партыі БНФ:
– Удзел у сёлетняй кампаніі непрымальны, гэта ўдзел у спектаклі з раней вядомымі вынікамі, падтрымка фальшывай веры ў людзей, што ёсць выбары. Бо вера існуе, а мы, палітычныя структуры апазіцыі сваім удзелам толькі падтрымлівюць гэтую фальшывую веру. Лічу гэта амаральным.
Мікола Лемяноўскі, жыхар Гародні:
– Пачуў такую думку, што выбары ў Рэспубліцы Беларусь паўтараюць выбары ў Савецкім Саюзе. Ідучы на выбар, мы ўжо ведаем, хто выіграў.
Збор подпісаў завершыцца 21 жніўня. Гэты дзень з’яўляецца апошнім для падачы подпісаў у выбарчыя камісіі.
Падлік подпісаў у Гародні пройдзе без прысутнасці незалежных назіральнікаў, якіх улады не дапусцілі да ўдзелу ў працэдуры падліку.
Беларускае Радыё Рацыя