Васіль Шлындзікаў: Мы прывязалі эканоміку да Расеі – і атрымалі сумны вынік
“Беларусь знаходзіцца толькі ў пачатку эканамічнага крызісу”, – лічыць былы генеральны дырэктар аб’яднання „Амкадор”, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Шлындзікаў.
І гэта не наступствы нейкага сусветнага крызісу, а вынікі эканамічнай палітыкі, якая праводзілася апошнія два дзесяці-годдзі.
“У Беларусі захавана савецкая прамысловасць. Нічога не было зроблена па яе рэфармаванню і адаптацыі да рынкавых умоваў. Наадварот, тыя людзі, кіраўнікі, якія спрабавалі рабіць рэформы, хутка пашкадавалі пра гэта”, – кажа эксперт:
– Мы прывязалі сваю эканоміку да эканомікі Расеі – і атрымалі вынік. Вынік такі, што гэта толькі пачатак крызісых праяваў. Усё ў нас наперадзе. Мяркуючы па тым, як паводзіць сябе кіраўніцтва Расеі ў адносінах да Украіны, у адносінах да Заходняга свету, чакаць зняцця санкцый – не варта.
Хутчэй можна чакаць узмацнення санкцый, бо канфлікт на Данбасе не затухае і мае тэндэнцыі да ўзмацнення.
“А гэта значыць, працэсы збяднення ў Расеі і шчыльна звязанай з ёй Беларуссю працягнуцца”, – прагназуе Васіль Шлындзікаў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя