У Мікашэвічах пераследуюць сям’ю актывіста



Сям’я Дубаносавых з Мікашэвічаў засталася без сродкаў для існавання. Пра гэта  паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя актывіст кампаніі “Гавары праўду”, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леанід Дубаносаў.

Жонку актывіста Алену, якая працавала загадчыцай прыватнай крамы “Мінская”, звольнілі без тлумачэння прычыны, кажа Леанід:

– Яна з адпачынку вярнулася і ў першы ж дзень дырэктар сказаў, што “яе паслугі яму не патрэбныя”. Усё было добра. Не ведаю, што зараз і думаць.

Праца Алены была адзіным сродкам для існавання сям’і звольненага „гранітаўца”. У сям’і двое дзяцей, якіх трэба адпраўляць у школу.

Дубаносавы ўпэўненыя, што такая сітуацыя з іх сям’ёй узнікла  пасля адмовы Леаніда выйсці з незалежнай прафсаюзнай суполкі на прадпрыемстве “Граніт”. Пасля гэтага ён быў звольнены і не змог нідзе ўладкавацца на працы ў межах раёна.

Зараз Леанід Дубаносаў актыўна займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю.

Дапамогу можна даслаць па адрасу: 225687 г. Мікашэвічы, вул. Міра, д. 9, Дубаносаву Леаніду Вітальевічу.

Беларускае Радыё Рацыя