Патэнцыйных кандыдатаў заклікалі адмовіцца ад удзелу ў выбарах
Удзельнікі „круглага стала”, які адбыўся ў Менску і быў прысвечаны апошнім рэпрэсіям супраць беларускай моладзі, заклікалі патэнцыйных дэмакратычных кандыдатаў спыніць свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі, калі з няволі не будуць вызвалены грамадзяне, затрыманыя за нацыянальнае графіці, а таксама іншыя палітвязні.
Па словах сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакртыя Паўла Севярынца, зварот адзінадушна падтрымалі ўсе ўдзельнікі „круглага стала” – гэта прадстаўнікі больш чым 10 партый і арганізацый:
– Мы вырашылі праводзіць акцыі салідарнасці – пачынаючы ад паштовак і заканчваючы пікетамі, запланаваны пікет у знак салідарнасці з палітвязнямі. У аднаго з графіцістаў хутка дзень народзінаў. Іх утрымліваюць ужо на Валадарцы, і каля Рускага тэатра, непасрэдна на відавоку Валадаркі, ёсць прапанова правесці т.зв. перадвыбарчы пікет для збору подпісаў, куды збіраюцца ўдзельнікі “круглага стала”.
Зварот з прапановай не ўдзельнічаць у так званых выбарах, калі ўлады тэрмінова не вызваляць усіх беларускіх палітвязняў і арыштаваных аўтараў графіці ў падтрымку незалежнасці Беларусі, накіраваны 3 патэнцыйным дэмакратычным кандыдатам у прэзідэнты: Таццяне Караткевіч, Анатолю Лябедзьке і Сяргею Калякіну. „Зараз чакаем адказу”, – сказаў Павел Севярынец.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя