Пятая адмова ў рэгістрацыі БХД



Адмова рэгістрацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ніяк не паўплывае на працу хрысціянскіх дэмакратаў. З такой заявай выступіў сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі. Ён назваў адказ з Міністэрства юстыцыі абсалютна чаканым.

rymaszeuski_1_article_big

“Відавочна, што ў Беларусі за апошнія гады сітуацыя з правамі чалавека толькі пагаршаецца”, – адзначае палітык:

– Абсалютна чаканыя тыя ж самыя незаконныя падставы адмовы ў рэгістрацыі. Першае, яны дамагліся, каб адмовіліся тры заснавальнікі партыі ад подпісу свайго, мы пра гэта інфармацыю ўжо давалі. Другая прычына, патрабавалі ад нас дакуманты, якія па закону не з’яўляюцца абавязковымі для рэгістрацыі палітычных партый. Мы безумоўна адмовіліся прадастаўляць гэтыя дакуманты, бо іх прадастаўленне магло стаць падставай для рэпрэсій у дачыненні да іншых сябраў БХД.

“За гады існавання БХД узельнічала ня толькі ў палітычных кампаніях, але і дасягнула поспеху ў шматлікіх кампаніях. Хрысціянскія дэмакраты змусілі ўлады змяніць законы ў сферы абароны права на жыццё, зрабіць першыя крокі па спыненні спойвання насельніцтва. Уся гэта праца робіцца хрысціянскімі дэмакратамі як шырокая грамадзянская ініцыятыва”, – дадаў ён.

Паводле яго, аргкамітэт БХД будзе абскарджваць рашэнне Мінюста ў Вярхоўным судзе, каб “выказаць нязгоду з ім, і яшчэ раз выявіць яго абсурднасць”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя