Партыя БНФ накіроўвае сваіх назіральнікаў за мяжу
Партыя БНФ і грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэнне” вылучылі прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту ў склад участковых камісіяў, якія будуць створаныя ў Варшаве, Беластоку, Маскве, Празе і Вільні, а таксама ў Вашынгтоне.
Сябра Партыі БНФ Юры Чавусаў адзначае, што пры дапамозе беларусаў у замежжы будзе зроблена спроба арганізацыі назірання на гэтых участках, каб стварыць перашкоды для незаконных і бескантрольных маніпуляцый з боку замежных выбарчых камісій, ці, прынамсі, выкрыць парушэнні:
– Гэта робіцца з той жа мэтай, з якой вылучаюцца прадстаўнікі ў любыя іншыя участковыя камісіі ў Беларусі – удзельнічаць у падрыхтоўцы галасавання, удзельнічаць у арганізацыі галасавання і падліку галасоў. Статус сябра камісіі для прадстаўніка дэмакратычных арганізацый дае шмат магчымасцяў для таго, каб выбары адбываліся ў адпаведнасці з заканадаўствам, ён можа перашкаджаць фальсіфікацыям, а калі фальсіфікацыі ўсё ж адбываюцца, то фіксаваць іх належным чынам, каб мець доказы падобнага роду фальсіфікацыяў.
Паводле Юрыя Чавусава, усяго вылучана ва ўчастковыя камісіі ў замежжы 10 прадстаўнікоў партыі БНФ. Ніколі раней у такія камісіі прадстаўнікоў апазіцыі не ўключалі.
Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч у сваю чаргу адзначае, што выбарчыя камісіі ў замежжы традыцыйна працуюць пры мінімальным кантролі з боку грамадскасці, якая пазбаўлена магчымасці прыняць удзел у арганізацыі выбараў і падліку галасоў.
Згодна з рашэннем Цэнтрвыбаркаму, сёлета на выбарах прэзідэнта Беларусі будуць працаваць 49 выбарчых участкаў за мяжой.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя