У Гародні за Лукашэнку подпісы збіралі дворнікі і медыкі (абноўлена)
Кампанія па збору подпісаў па вылучэнню кандыдатаў у прэзідэнты на Гарадзеншчыне адзначылася шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства сябрамі ініцыятыўнай групы дзейнага прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
З дапамогай адміністрацыйнага рэсурса подпісы выбаршчыкаў у працоўны час збіраліся на прадпрыемствах рэгіёна, у дзяржаўных установах, шпіталях і паліклініках.
Да працы ў ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі прымусова прыцягваліся супрацоўнікі навучальных установаў і прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна:
– Адзін з начальнікаў ЖЭСу, які з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, сабраў дворнікаў, раздаў падпісныя лісты і сказаў сабраць подпісы. Дворнікі – людзі паднявольныя (асноўная маса), яны сабралі гэтыя подпісы. Але, калі інфармацыя прасачылася, падпісныя лісты былі ўжо былі ліквідаваныя. А разборкі і скандал быў.
– Я прыйшоў у паліклініку да тэрапеўта. Мяне папрасілі распісацца за Лукашэнку. Я не распісваўся, бо гэта не мой кандыдат у прэзідэнты. Выбарчая кампанія слабая ў гэтым годзе, бо ўсе альбо сядзяць, альбо з’ехалі.
З васьмі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ў Гародні актыўна працавалі тры – Таццяны Караткевіч, Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Лукашэнкі.
Шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства з боку гарадзенскіх сяброў ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі засталіся па-за ўвагай, як супрацоўнікаў праваахоўных органаў і тэрытарыяльных выбарчых камісій, так і прэсы. Не толькі дзяржаўнай, але і недзяржаўнай газэты “Вячэрні Гродна”, журналісты якой адмовіліся праводзіць раследаванне фактаў парушэння выбарчага заканадаўства.
Парушэнні тычыліся збору подпісаў у гарадскіх паліклініках у працоўны час:
– Патэлефанаваў журналістам сказаў: а чаму вы не пішыце пра тое, што ў паліклініках збіраюць подпісы? Сказалі, што правядуць журналісцкае расследванне, але ніякага расследвання праведзена не было. Я патэлефанаваў у камісію Ленінскага раёну, сказаў правесці расследванне. Праз тыдзень перазваніў, мне кажуць: нельга нам праводзіць расследванне.
Незалежныя назіральнікі на Гарадзеншчыне адзначаюць шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства ў сельскай мясцовасці.
Збор подпісаў ажыццяўлялі супрацоўнікі сельскіх саветаў і адміністрацыі сельскагаспадарчых вытворчых прадпрыемстваў, якія ў працоўны час збіралі подпісы ў сваіх падначаленых.
Тэрытарыяльныя камісіі да дзевятнаццаці гадзін вечара прымаюць падпісныя лісты – 21 жніўня з’яўляецца апошнім днём збора подпісаў у падтрымку будучых кандыдатаў у прэзідэнты.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня