У Гародні заклікаюць аддаваць дзяцей у беларускія класы
Жнівень – апошні месяц падачы заяў бацькоў у першыя беларускія класы Гародні.
Адміністрацыя школ і бацькі, якія напісалі свае заявы на навучанне дзетак па-беларуску, шчыра запрашаюць да іх далучацца. На пачатак жніўня ў сярэднюю школу №32 было пададзена пяць заяў, у сярэднюю школу №34 – тры. Засталося мала часу, каб канчаткова вызначыцца да пачатку заняткаў у верасні.
Старшыня Таварыства беларускай мовы па Гарадзеншчыне Алесь Крой звяртаецца да бацькоў і тлумачыць, чаму варта аддаваць дзетак у беларускія класы:
– Падаючы заяву ў беларускія класы ваша дзіця акрамя выдатнага ведання беларускай мовы таксама не страціць і веданне расейскай мовы, будзе выдатна ведаць дзве мовы, а гэта перавага ў сённяшняй Беларусі і не толькі. Таму шчыра запрашаем у гэтыя беларускія класы таму што, чым больш будзе жадаючых у беларускіх класах вучыцца, тым будзе больш увагі і павагі Міністэрства адукацыі, усіх нашых суседзяў да беларускай мовы, да культуры, ну і ў цэлым мы ж павінны беларусамі звацца.
Школы, дзе фармуюцца беларускія класы, знаходзяцца ў цэнтры мікрараёнаў Дзевятоўка і Вішнявец. Агулам у Гарадзенскай вобласці ў беларускіх класах расейскамоўных школ навучаецца каля тысячы дзяцей.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя