Колькі каштуе свабода слова?



Аляксандр Лукашэнка і раней шмат чаго абяцаў, напрыклад, свабоду слова. У праекце “Месца для прэсы” беларускі медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі пракаментаваў чарговыя прысуды беларускім журналістам-фрылансерам, якія адбыліся пасля абяцання Аляксандра Лукашэнкі з гэтым разабрацца.

Прыгадаю, на сустрэчы з незалежнымі журналістамі беларускі кіраўнік сказаў, што судзіць журналістаў – гэта глупства.

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі ўзгадвае іншыя абяцанні:

– Былі рознага кшталту выказванні адносна таго, што ён не будзе абмяжоўваць свабоду слова, але на працягу ўсіх гэтых гадоў здаралася розная каньюнктура: свабоды рабілася то болей, то меней, але агульная атмасфера мала мянялася. Таму я не думаю, што выказванні палітыка, нават, які знаходзіцца на такой высокай пасадзе, сведчаць, што будуць наўпроставыя наступствы. 

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў за апошні год ужо каля 30-ці журналістаў-фрылансераў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці. Агульная сума штрафаў журналістам па артыкуле 22.9 частка 2 за бягучы год складае ўжо больш за сто сорак шэсць мільёнаў рублёў.

Журналістаў караюць за так званы “незаконны выраб прадукцыі СМІ”, а менавіта – падрыхтоўку інфармацыйнага матэрыялу для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя