Ці паедуць беларускія артысты ў Данецк?



У Данецк на Дзень шахцёра, які будуць святкаваць 29 і 30 жніўня, чакаюць і артыстаў з Беларусі. Пра гэта афіцыйна заявілі ў прэсовай службе міністэрства культуры непрызнанай “Данецкай народнай рэспублікі”.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

У міністэрстве культуры самаагалошанай ДНР заявілі літаральна наступнае: “Падчас святкавання дня Данецка і Дня шахцёра ў Данецкай дзяржаўнай філармоніі 29 і 30 жніўня адбудзецца XXIII Міжнародны фестываль мастацтваў “Данецкія самацветы”, у якім возьмуць удзел эстрадныя артысты і музычныя калектывы з Беларусі”. Міністэрства культуры сепаратыстаў паведаміла, што ў Данецку чакаюць заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Алега Ціўнова, лаўрэатку міжнародных конкурсаў Вольгу Макушынскую, ансамбль “Чарадзейкі” і дуэт “Салодкая ягада”. Хто менавіта арганізаваў гэтыя канцэрты беларускіх выканаўцаў у самаагалошаных рэспубліках, не паведамляецца.

Летась самаагалошаную ДНР наведаў беларускі выканаўца “рускага шансону” Віктар Каліна, і гэты візіт шмат у каго ў Беларусі выклікаў абурэнне.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота reporter.dn.ua