“Болон” і падраныя порткі



Паколькі мы жывём у прыватным доме, то карыстаемся газам з балонаў. Іх дастаўкаю

займаецца наш сусед. Усе завуць яго Воўчыкам, сам жа ён прадстаўляецца як „Владэк”,

бо лічыць сябе палякам. Часам мы чуем, як ён гаворыць па тэлефоне на дзікай сумесі

расейскай, польскай і беларускай моваў.

І вось замовілі мы неяк Воўчыку газ, а самі кудысь сышлі. Калі вярнуліся дахаты, знайшлі ў дзвярах паперку, дзе было напісана, што „болон” ён прывёз. Воўчык – Владэк не раз з гонарам падкрэсліваў, што за свае амаль паўсотні гадоў ён не прачытаў ніводнай кнігі. З пісаннем у яго таксама праблемы – кірыліца блытаецца з лацінкаю. У выніку пад той цыдулкай ён падпісаўся так: Вladek.

Я ж маю такі бзік, што цярпець не магу бязграматнасці. Памятаю, як я ледзь не разбіў манітор свайго „кампа”, калі „Белорусский партизан” раз за разам пісаў, што „Анджей Почобут томитЬся за решеткой”. Вось і цяпер д’ябал пацягнуў мяне за язык – хоць я і разумеў бязглуздасць сваёй заўвагі –  „Уладак, – кажу, –  „баллон” пішацца праз „а”, і два „л”, калі ты ўжо пішаш па-расейску!” А той адказвае: „А какая разница? Ты же меня понял?” І я не знайшоўся што адказаць… Але задумаўся – як жа многа на свеце рэчаў, і добрых, і кепскіх, якія існуюць толькі таму, што так прынята: пісаць, гаварыць, апранацца.

Не так даўно беларускія парталы паказвалі здымкі з выпускнога балю ў Беларускім ліцэі. Кінулася ў вочы адна дзяўчына, што з гонарам красавалася ў парваных джынсах. Гадоў гэтак пяцьдзесят таму, калі б якаясь дзеўка не мела апрануць на свята нічога проч дзіравай вопраткі, справа магла б дайсці да трагедыі, самагубства. Цяпер жа гэта „крута”, на віленскіх вуліцах так выглядае кожная трэцяя. А нашай гераіні нават не прыйшло ў галаву, што апранаць дзіравыя порткі на такую адзіную ў сваім жыцці ўрачыстасць, як выпускны вечар, гэтак жа недарэчна, як капаць бульбу ў шлюбнай сукні.

Зрэшты, ёсць катэгорыя людзей, якія апранаюцца ўрачыста толькі два разы ў жыцці – на сваім шлюбе, і на ўласных паховінах.   Але пра выбрыкі моды напісаны тамы, гэта тэма бязмежная.

Дзівацтваў поўна ў і ў іншых месцах. Пагартайце любую сучасную манаграфію па гісторыі жывапісу. Там, вядома ж, будзе „Джаконда” Леанарда да Вінчы, творы Рэмбрандта, Ван Гога, і „Чорны квадрат” Малевіча. Які мае такія ж адносіны да жывапісу, як расклад руху цягнікоў – да літаратуры. „Чорны квадрат” – гэта не больш і не менш, як геніяльная „хохма” з таго ж шэрагу, што й Гордзіеў вузел, ці яйка Калумба. Але выказваць такія погляды ў асяроддзі сучасных снобаў гэтак жа непрыстойна, як гучна сапсаваць паветра. Бо агульнапрынята: Малевіч ёсць геній над геніямі ў жывапісе ХХ стагоддзя.

У Вільні на беразе Віліі можна бачыць іржавую каналізацыйную трубу, укапаную „тырчком”. Яна лічыцца шэдэўрам сучаснай скульптуры. У нейкім нямецкім горадзе адбылася такая гісторыя – раніцой ехалі сабе мясцовыя камунальнікі, што збіраюць смецце. І бачаць – пасярод скверу валяецца нейкі металічны хлам. Непарадак! І яны вывезлі гэту непатрэбшчыну на звалку. Неўзабаве разгарэўся скандал – знікла скульптура славутага мастака-авангардыста!

Калі я быў школьнікам, запомніўся такі эпізод: да сямейнай пары нашых настаўнікаў прыехаў сын, студэнт універсітэту. Школа была беларуская, і яны выкладалі па-беларуску, муж геаграфію, жонка беларускую мову. А сын гаварыў з імі на чысцюткай расейскай мове. І нікога, ні бацькоў, ні навакольных, гэта не здзіўляла. Так было прынята – у „дзярэўні” можна было гаварыць па-беларуску, у горадзе ж гэта было прыкметаю задрыпанасці, цемнаты. І ні ў кога – у тым ліку і ў мяне – гэта не выклікала аніякіх сумненняў. Я, праўда, не дайшоў да таго, каб называць бацьку „папа”,але, калі выязджаў у свой Віцебскі педінстытут, тут жа пераходзіў на „культурную” мову. Як бы пераапранаўся ў іншую вопратку, ці апранаў маску. і нічога ўва мне не пратэставала.

Мяне, як, бадай, 99% сённяшніх беларускамоўных, „абудзілі” іншыя людзі, і адбылося гэта не ў Віцебску, а ў Вільні. Мае ж старэйшыя браты так і засталіся расейскамоўнымі.

З гэтай гісторыі я вынес нянавісць да любога бескрытычнага пераймання агульнапрынятых „ісцін”.

Мярзотна крочыць „у нагу”, але яшчэ горш – думаць „у нагу”.

Цяжка зразумець, чаму так цяжка пранікаюць у свядомасць такія, здавалася б, простыя рэчы – жанчыны павінны быць жанчынамі, мужчыны – мужчынамі; у святы трэба выглядаць святочна…

А Беларусь павінна быць беларускай!

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ