Што рабіць уладальнікам рублёвых дэпазітаў?



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб пракаментаваў імклівы рост еўра і даляра.

Вадзім Іосуб

Кошт ф’ючэрснага кантракту з пастаўкай у кастрычніку на нафту гатунку Brent на таргах лонданскай біржы ICE упаў на 2% да 44,58 даляра за бараль, апусціўшыся да мінімальнай адзнакі з сакавіка 2009 года.

Раней нафта іншага гатунку – WTI – знізілася ніжэй за 40 даляраў.

У выніку сёння курс даляра на адкрыцці таргоў у Маскве перавысіў 70 рублёў упершыню з 2 лютага.

Не заставіла сябе доўга чакаць і рэакцыя ў Менска. На адкрыцці таргоў у сталіцы 24 жніўня даляр вырас адразу на 474 рублі, еўра – на 931. Такім чынам, дэвальвацыя працягваецца…

РР: Што рабіць у гэтай сітуацыі тым беларусам, якія маюць дэпазіты ў беларускіх рублях?

Вадзім Іосуб: Мяркую, пасля цяперашняга росту даляра і еўра будзе карэкцыя, і рублёвыя дэпазіты пад 30 адсоткаў гадавых верагодна захаваюць сваю прывабнасць. Меншая прыбытковасць ужо выклікае пэўныя сумневы.

РР: Ці пойдзе народ у банкі забіраць свае рублі ці пераводзіць іх на валютныя дэпазіты?

Вадзім Іосуб: Яны ўжо ідуць. Па статыстыцы, у чэрвені-ліпені людзі гэтым актыўна займаліся. У чэрвені тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва зменшыліся на 750 мільярдаў рублёў, у ліпені, калі не памыляюся, на 150 мільярдаў. Мне здаецца, што зараз гэты працэс актыўна ідзе і гэта адзін з важных фактараў паслаблення беларускага рубля.

РР: Адным словам, народ зараз больш давярае валютным дэпазітам.

Вадзім Іосуб: Кожны гэта ацэньвае сам, але працэс канвертацыі, хутчэй за ўсё, ідзе. Калі б гэта была адназначная перавага, то ўсе б рублёвыя ўкладчыкі захацелі канвертаваць свае дэпазіты ў валюту. Але так пытанне зараз не стаіць.

РР: Што далей чакае беларускі рубель?

Вадзім Іосуб: Гэта будзе ў большай меры залежыць ад таго, што будзе адбывацца з нафтай, а, як следства, – і з расейскім рублём.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя