Валянцін Стэфановіч: Нечаканасцей не будзе
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавядае пра асаблівасці фармавання ўчастковых выбарчых камісій у беларускіх рэаліях.
У склад 6.080 участковых выбарчых камісій, якія ўтвараюцца на прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка, вылучана 77.036 чалавек. Адпаведная інфармацыя размешчаная на сайце ЦВК, піша БелаПАН.
З палітычных партый найбольшую колькасць сваіх прадстаўнікоў вылучылі Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці — 1.082, Камуністычная партыя Беларусі — 919, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя — 687, Беларуская аграрная партыя — 674. Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла ва ўчастковыя камісіі 172 прадстаўніка, Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” — 147, Партыя БНФ — 96, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 49. Утварэнне ўчастковых камісій будзе праходзіць па 26 жніўня ўключна.
Валянцін Стэфановіч: Думаю, у гэтым плане нечаканасцей не будзе, не ўбачым нечага новага. Мне здаецца, што прадстаўнікі апазіцыі ў камісіі з большага ўключацца не будуць. Праходжанне ў тэратэрыяльныя камісіі ў гэтым годзе склала 15 адсоткаў ад апазіцыйных партый. Мяркую, нешта падобнае будзе і ва ўчастковых камісіях. Можа быць, адсоткі будуць нават меншыя.
РР: Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае канкрэтных крытэраў адбору сябраў камісіі?
Валянцін Стэфановіч: Дакладных крытэраў няма. У кодэксе напісана, што адну трэць камісій павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Гэтую квоту фармальна і вытрымліваюць за кошт праўладных партый, “Белай Русі” ці Саюза жанчын, але адбору няма. Выканкамы адвольна трактуюць права выбару, могуць знайсці нейкую агульную фармуліроўку пры адмове ўключыць у камісіі – “малы досвед” альбо “малы аўтарытэт сярод грамадзян”. А адсутнасць крытэраў прыводзіць да таго, што на практыцы нівелюецца норма Выбарчага кодэксу, якая прадугледжвае практыку судовага аспрэчвання неўключэння ў камісію. Бо, калі няма крытэру, то няма і прадмету спрэчкі. Таму, як правіла, людзі ў суды скаргі падаюць, але суд правярае толькі фармальны бок. Квота вытрымана – нармальна. І скаргі ніхто не задавальняе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org